
Раптам Гукан пачуў, як збоку ад яго штось цяжкае плюхнула ў ваду. Падумаў, абвалiўся бераг. Глянуў - няма Шыковiча. Мiма яго вуд плыў па рацэ саламяны капялюш. Сямён Парфёнавiч спалохана падскочыў. Але тут жа, пад абрывам, вынырнула галава...
- За вудзiльна! Хапайся за вудзiльна! - закрычаў Гукан.
Шыковiч схапiўся за вудзiльна i, фыркаючы, адплёўваючы ваду, вылез на бераг. А капялюш паплыў па цячэнню далей - у мора.
- Што здарылася?
- Задрамаў, - адказаў Шыковiч, круцячы галавою, каб вылiць ваду з вушэй.
- Задрамаў? - Гукан так зарагатаў, што ластаўкi спалохана кiнулiся за раку, далей ад такога грому.
Шыковiчу нiколi не давялося чуць, каб суровы, скупы на словы i ўсмешкi старшыня так рагатаў. Ён нiяк не мог супакоiцца, выцiраў слёзы, гладзiў худы жывот i зноў залiваўся. Яго рогат устрывожыў Яраша. Той кiнуў вуды i вылез з лазняку, каб паглядзець, што здарылася.
3
Звычайна Гукан прыходзiў у выканком за паўгадзiны, а то i больш да пачатку работы. Гэта было зручна. Па-першае, дысцыплiнавала падначаленых, хоць, калi сакратарка паспрабавала прыходзiць раней за яго, ён забаранiў ёй рабiць гэта. Яна павiнна з'яўляцца без пяцi дзевяць, не раней i не пазней. Гукан любiў парадак i ўмеў яго падтрымлiваць.
Па-другое, такiм чынам яму ўдавалася абмiнуць большасць кватэрных прасiцеляў, якiя падпiльноўвалi штодня. Нарэшце, у пустым, добра праветраным кабiнеце, у вокны якога лезлi галiны каштанаў, хораша думалася i была магчымасць найлепшым чынам спланаваць свой рабочы дзень.
Гукан умеў гэта рабiць, не як другiя кiраўнiкi, i меў волю выконваць такiя аднадзённыя планы.
