- А вы, таварыш? - цераз галовы другiх звярнуўся да яго Гукан.

- Я? - паказаў на сябе пальцам юнак i як бы здзiвiўся. - Я хачу прапанаваць новую планiроўку мiкрараёна на Выселках. - I ён падняў скрутак ватманскай паперы.

- О! - узрадаваўся Гукан, у сваю чаргу паказаўшы пальцам на хлопца. - З гэтага мы i пачнем! Бо гэта на сённяшнi дзень самае галоўнае. Прашу вас.

I наведвальнiкi моўчкi i пачцiва расступiлiся, вызвалiўшы старшыню са свайго кола i даючы дарогу да дзвярэй кабiнета маладому архiтэктару.

У прыёмнай было ўжо душна. А ў кабiнеце - цудоўны вiльготны халадок; зачынiш за сабой дзверы i быццам трапляеш у другi свет. Вокны выходзiлi на паўночны бок, на цiхую вулiцу. Гукан кiўнуў на доўгi стол.

- Вось тут рассцiлайце свае чарцяжы. Замест кнопак вось гэта, - ён падняў адзiн з круглых падшыпнiкаў, якiя стосам ляжалi на краi стала.

Пакуль наведвальнiк разгортваў свае праекты, Гукан павесiў у куце на вешалку кепку, заглянуў у настольны каляндар - якiя справы чакаюць сёння? Потым падышоў да адчыненага акна i доўга любаваўся на каштан. З таго часу, калi загарэлiся белыя свечкi квеценi, ён з цiкавасцю сачыў, як завязвалiся, развiвалiся i як цяпер растуць плады каштана, маленькiя, яшчэ зялёныя, з ледзь прыкметнай насечкай. Сямён Парфёнавiч глядзеў на iх па некалькi разоў на дзень. Гэта супакойвала, давала адпачынак нервам. Хораша настройвала.

Але, разглядаючы каштаны, ён раптам адчуў трывогу ў душы. Чаму? Ад чаго?

Нiбы спалохаўшыся, што гэтую трывогу можа пачуць староннi чалавек, старшыня хутка павярнуўся да яго.

- Ну, што ў вас?

- Вось тут...

- Нiчога не тлумачце. Я сам... Я, малады чалавек, зубы з'еў на гэтых планiроўках. Так... Так... Гэта ў вас што?

- Сад для дзяцей. З усiм комплексам...

- Так... Цiкава. Цiкава...

Ён ступiў да другога лiста, да трэцяга. Праект яму спадабаўся. Планiроўка мiкрараёна, архiтэктура яго не былi падобны на ўсё тое, што яму паказвалi дагэтуль.



25 из 429