- Была.

- Запiшыце яе на пятнiцу першай на чаргу. - I ласкава звярнуўся да жанчыны: - Чакаю вас роўна ў дзевяць.

Жанчына збянтэжылася. Старшыня добра ведаў вось такiх, раззлаваных, якiя iшлi з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, i ўмеў улагодзiць iх цi хаця б збiць ваяўнiчы запал.

Жанчына пераключылася на Нэлу, каб тая не забылася запiсаць яе першай.

- Вы, таварыш маёр, наконт дарогi? - Твар Гукана ўмiг пасуравеў, вочы зрабiлiся калючымi i глядзелi не на маёра, а мiма, як бы шукалi кагосьцi другога. - Дарогу мiма школы-iнтэрната закрываем. Вы хочаце, каб дзецi глыталi пыл i газы ад вашых машын? Не будзе! Вам далi праезд, прывядзiце яго ў парадак.

- Мост.

Гукан раздражнёна звярнуўся да ўсiх:

- Мост цераз канаву - казе пераскочыць. Праблема, бачыце! Што ж мне дзяцей паслаць, каб збудавалi вам гэты мост? Пасаромелiся б гаварыць. Такая часць!..

Чалавекi два з наведвальнiкаў засмяялiся.

- Таварыш Гукан!

- Не рабiце сакрэтаў там, дзе iх няма. Увесь горад ведае вашу часць, дзе вы стаiце i кудой вы ездзiце. Усё! Ёсць рашэнне выканкома!

Гукан крута павярнуўся да трэцяга наведвальнiка, iнтэлiгентнага чалавека ў акулярах.

- Вы?

- Я, уласна кажучы, таксама...

- Дамовiлiся. У пятнiцу.

- У вас што?

- Я наконт iнтэрната...

- Да Кушнера. Няхай дае прапановы.

Гукан шукаў вачамi наведвальнiка, у якога магла б быць такая справа, каб усе зразумелi: так, гэта першачаргова i важна, мы можам i пачакаць.

Яго позiрк спынiўся на зусiм маладым чалавеку, амаль юнаку, модна апранутым: светлы касцюм, карычневая сарочка, вузенькi гальштук. Ён стаяў збоку, слухаў размову старшынi гарсавета з наведвальнiкамi, i ў вачах яго, крыху блiзарукiх, прыжмураных, свяцiлася iранiчная ўсмешка.

У такiх, што не лезуць назойлiва наперад, не заглядваюць лiслiва ў вочы i не вельмi нават дамагаюцца прыёму, - у iх бываюць самыя цiкавыя справы.



24 из 429