- Для мяне - паветра, для цябе - кiсларод. Гэта ж табе не кiслародная палатка. Мне здорава спiцца тут, - Шыковiч весела засмяяўся. - У цябе вострае вока. Я такi праўда задрамаў над сваiм артыкулам.

- А мы ўсю ранiцу хадзiлi на пальчыках. Кiрыла творыць, - iранiчна пасмiхнуўся Яраш.

- Гэта ты хадзiў на пальчыках, хлус няшчасны? Свiстаў, як Салавей-разбойнiк. Ты пiсаў калi-небудзь публiцыстычныя артыкулы?

- Не, дзякуй Богу.

- То-та. Гэта пакута. Асаблiва на заказаную тэму. Скажы, у цябе было, калi ты хочаш зрабiць лепш, адчуваеш, што можаш зрабiць, а не выходзiць? Атрымлiваецца нейкая жвачка. Нудная жвачка.

- Калi пiсаў дысертацыю, было. У рабоце - не. Жвачка ў нашай рабоце баранi божа!

Шыковiч на нейкi момант сур'ёзна задумаўся.

- Я разумею. Вiдаць, чым больш адказнасцi, тым работа цiкавей.

- Хiба ты пiшаш без адказнасцi?

- Чорт яго ведае. Часам мне здаецца, з малой адказнасцю. - I раптам крыкнуў: - Бачыш?

- Што?

- Вясёлка! Маленькая вясёлка каля дуба. Вiдаць, Наташа пырскае пад берагам. Iх не вiдаць, а вясёлка ззяе. Хораша! Цi не пайсцi i нам пакупацца? I сам сабе рашуча адказаў: - Не! Трэба дапiсаць гэты злашчасны артыкул. Жывiцкi спусцiць з мяне тры скуры, калi заўтра не здам.

Аднак замест таго каб пайсцi працаваць, Шыковiч адышоў ад парэнчаў i павалiўся ў шэзлонг, з асалодай пацягнуўся, выставiўшы з-пад пiжамных штаноў валасатыя ногi. Заплюшчыў вочы i сказаў:

- Трэба пiсаць. А то ж мае быць яшчэ выпiўка. Я запрасiў у госцi Гукана.

Яраш зарагатаў. Сябра паглядзеў на яго з няўцямным здзiўленнем.

- Я толькi што чуў, як Валя скардзiлася, што няма нiводнага дня, каб ты не запрасiў гасцей.

- А-а.

- Ты ставiш жонку ў цяжкае становiшча. Запрасiў - i маўчыш.

- Маўчу. Бо, па-першае, люблю экспромты. А па-другое, маю правiла: лепш выслухаць жончыну мараль пазней, чым раней. Няхай думае, што чалавек заглянуў выпадкова, i ўсё абыдзецца цiха.



7 из 429