
Хвiлiну яны моўчкi глядзелi на луг, дзе памiж кустоў мiльгалi стракатыя халаты iх жонак i Наташы. Жанчыны iшлi да дубоў, за якiмi iскрылася тысячамi сонцаў даўгаватае люстра вады. Гэта старыца ракi. Самой ракi не вiдаць, у незапомныя часы яна адступiла ад лесу на добры кiламетр. Вiдзён толькi чырвоны слуп лiхтара на беразе.
Луг не роўны i не гладкi, ён перарэзаны старыцамi-раўчакамi, канавамi, берагi якiх зараслi лазняком, на ўзгорках стаяць дубы, у зарэчнай далечы сiнее лес, злева з-за хмызнякоў выглядаюць стрэхi хат. Але ўсё адно нiдзе, нават у самым шырокiм полi, няма такога адчування прасторы i неабсяжнасцi, як тут, асаблiва калi глядзець вось з такой вышынi. Дзiўна, што неба тут таксама здаецца вышэй, чым дзе ў iншым месцы. I бачыш усё адразу: зялёную зямлю i блакiтнае неба. I ваду. Няхай мала яе, але яна адлюстроўвае ўсё - неба i дубы. А павярнiся назад i ўбачыш яшчэ адно дзiва прыроды - лес. Цудоўны бор - сасна ў сасну - абступаў невялiкую абжытую паляну. Злева, блiжэй да ручая, што аддзяляў лес ад лугу, сосны саступалi месца дубам-асiлкам, якiх нямнога засталося ў нашых лясах. Каля самага бору тулiлiся старыя будынкi ляснiцтва кантора, хаты ляснiчага, леснiка, канюшня.
Адзiнокая дача - гэта вялiкая i крыху нязграбная будынiна з рознымi па форме верандамi, з мансардай толькi ў адной палавiне - збудавана на мяжы лесу i лугу, пад дубамi. Шыковiч выхваляўся, што месца выбраў ён, забываючыся, што Яраш ведаў гэтую мясцiну яшчэ з партызанскiх часоў.
Шыковiч стаў на пальчыкi, пацягнуўся, падняўшы рукi, глыбока ўдыхнуў паветра. Яму хацелася сказаць каторы раз:
"Эх, якi маляўнiчы куток! Рыўера! Ухвалi мой густ ты, эскулап!" Але на гэты раз ён знайшоў iншую форму:
- Здаецца, што тут нават паветра больш, чым дзе... Якое неба! А?
- Больш кiслароду.
