
Лiст гэты тры днi ляжаў у мяне на стале - я стараўся дадумацца, што мне адказаць яму. Нельга было проста сказаць яму, што нiчога я не магу дапамагчы яму ў гэтай справе, - усё роўна не дасць веры.
На чацвёрты дзень прыйшоў ад яго другi лiст, пiсаны больш нервова, як бы ён падыходзiў да апошняга пункта, за якiм няможна ўжо было шукаць збавення.
"Калi здарыцца, што вам мае Ваця або Клаўдзя напiшуць што-небудзь, то будзьце так сардэчна адданы мне, не звяртайце ўвагi на iх захады, а iдзеце поўнасцю насустрач мне. Так гаворыць нам камунiзм, што трэба iсцi насустрач нашаму беднаму класу. Жонка ж мая вельмi бяздольная пры цяперашнiм нашым становiшчы, i мне застаецца толькi адно - клапацiцца, каб не давялося ёй iсцi з торбаю па свеце.
Гэта з ёю здарыцца, калi я з ёю разлучуся; а жыцця ёй i мне ў доме маiм няма i не прадбачыцца. Адзiн мне выхад - пайсцi на службу настаўнiка, што зрабiць можна пры дапамозе добрых маiх прыяцеляў. Так што, мой дарагi, як ужо я вам пiсаў раней, паклапацiцеся. Даведайцеся, можа, мне можна i трэба быць на курсах, i я буду згодны. Чым хутчэй адкажыце мне, бо Ваця i Клаўдзя стараюцца ва ўсiм перашкодзiць мне. Яны процi таго, каб я жыў з сваёю жонкаю, хоць бы i на пасадзе, не ў сваiм доме. Будзьце ласкавы, пагаварыце там з кiм належыць; я гатоў прайсцi курсы, але толькi ў Менску, бо ў сваёй акрузе цяжка мне будзе папасцi на iх, у мяне тут няма дарагiх таварышоў. На рэшце лiста гэтага прашу яшчэ раз паклапацiцца як аб сваiм былым настаўнiку i яшчэ раз папярэджваю вас, што калi будзе ў вас якая-небудзь заява супроць майго паганага становiшча, то адкiньце яе, бо ў iх адна мэта - разбiць маё жыццё з жонкаю, i ад гэтага для мяне здарыцца вельмi непрыемная гiсторыя.
