
"Прывесцi яго да спакою жыцця?!"
I я нiчога не напiсаў яму. Я сам меўся ехаць туды i думаў сам пастарацца як-небудзь пераканаць яго, што нiколi ў канцылярыях камiсарыятаў i iх аддзелаў я не буду такiм аўтарытэтным, каб дапамагаць каму-небудзь заняць пасаду.
Лiсты гэтага старога чалавека наводзiлi на мяне думкi аб усякiх трагедыях чалавечых, аднак адзiн з маiх знаёмых, якому я для практыкi вывучэння ўсяго, што толькi можна вывучаць, пачытаў гэтыя лiсты, сказаў мне, што чалавек гэты - вузкi эгаiст i па-дурному разумее жыццё. Перш за ўсё, для яго няважна шырыня настаўнiцкае працы, ён проста думае аб тым, каб як самому зачапiцца за што ў жыццi. Апроч гэтага, ён як iндывiдуум супярэчыць прыроднаму ўстанаўленню: ён жа пражыў сваё жыццё, даўно адкрасаваў, а тым часам усе звесткi гавораць, што ён iмкнецца парушыць устаноўлены ход падзей, задумаўшы нанава пачаць жыць. Тут толькi амалажэнне магло б утварыць парушаны парадак. Ён падобны да таго старога дупляватага дрэва дзе-небудзь у садзе, якое, высахшы ўсiм галлём сваiм, пачынае пускаць пасынкi з пня i карэнняў. Пасынкi растуць густа i не ў належную меру, глушаць адзiн аднаго, гусцяцца там, дзе самая густата шкодзiць iх жа росту, i рэдка растуць там, дзе можна б i гусцей расцi.
