Я не паспеў яшчэ выехаць туды, як раптам зноў лiст прыйшоў да мяне. Лiст не ад яго, а пра яго. Мiж усякiмi iншымi навiнамi мне пiсалi, што пад вечар ён нечага зайшоў дадому. I мiж iм i сынам Вацем адбылася такая гаворка:

- Чаго ты прыйшоў сюды? - сказаў сын.

- Я трохi паляжу тут на лаве, - адказаў бацька.

- Iдзi вон, тут табе не месца.

- Тут жа мой дом, я паляжу трохi, дзе ж я дзенуся.

- Дзе дзенешся? Унь студня. Iдзi i дзенься там.

Тады ён пайшоў "дзецца" ў студню. Як атручаны, прайшоў па вулiцы, даючы "дзень добры" ўсiм сустрэчным. У студню ён палез паволi, па выступах. Вада заняла яму толькi да грудзей. I ён там стаяў у немай роспачы. Як збеглiся i хацелi яго выцягнуць, ён паволi падкурчыў ногi, каб схаваць у ваду галаву i захлынуцца.

Дасталi яго нежывога.

1927



6 из 6