
Я выслухаў майго знаёмага, i нядобрае пачуццё засталося ў мяне да яго. З аднаго боку, трагедыя чалавека, з другога - формула. I нядобрае пачуццё гэтае надоўга не пакiнула мяне, бо бачыў я шмат пiсароў, якiя складалi незлiчоныя анкеты абсалютна для ўсiх, самi ж нiколi ў iх не ўпiсвалiся. За вельмi малы час цэлы калейдаскоп iх, гэтых асоб i характараў, сiлком, без майго нават клопату, паказала мне сябе навылет. Адна шаноўная асоба запрасiла была раз мяне на абед. I я пайшоў, радасна чакаючы пачуць паважнае слова.
Аднак паважнага слова я так i не дачакаўся, бо слухаў увесь час усякую гаворку аб закулiсных справах адной вялiкае ўстановы. Пры гэтым лысiна паважнае асобы далiкатна блiшчала, i твар зрабiўся раптам мяккiм i добрым вiдаць было, што асоба папала ў сваю сферу! Другая, не менш паважная асоба, напоўнiлася раз вялiкiм жахам, калi я ў нейкай справе прапанаваў змянiць вельмi цяжкiя i надзвычайна невыгодныя метады адной работы на лепшыя.
Асоба прызнала прапанову вельмi добрай, старыя метады вельмi дрэннымi i новыя вельмi добрымi, аднак, з выглядам чалавека, пад якiм рушыцца свет, заўважыла:
- Вы забываеце, што тыя метады, якiмi цяпер карыстаемся, некалi былi праведзены ў жыццё.
- Дык што?
- Дык тое, што яны ў свой час былi ўхвалены, i, адкiнуўшы iх, мы кампраметуем сябе. Заўсёды памятайце, што пра iх было раздзьмута кадзiла, i няхай сабе яно цяпер непатрэбна, аднак мы павiнны хоць штучна падкладаць у яго вуголле i ладун. Разумееце?!
Я не меў права не разумець.
I я толькi быў рад аднаму: гаворачы аб змене метадаў, асоба мiжвольна пакрыла твар свой страхам, звычайным чалавечым страхам. Такiм чынам, першы раз у жыццi давялося мне ўбачыць у гэтае паважнае асобы чалавечы твар.
Я ўспомнiў пра калейдаскоп асоб... I мне захацелася зараз жа ўбачыць майго былога старога настаўнiка i, пераканаўшы яго ў праўдзiвасцi палажэння, што нiчога дапамагчы яму я не магу, сказаць яму радаснае, ласкавае слова. Я ведаў, што ласкавае слова - гэта саматужнiцтва i што адзiнае ўстанаўленне жыцця - гэта iндустрыя, аднак нiчога з сабою зрабiць не мог. Такая ўжо ў мяне брыдкая натура.
