Бывай, iталiйскi рэстаранчык, дзе гасьцiнныя гаспадары Ульрых, Вольф i Свэн да адвалу нагадавалi цябе стронгай i мясам акулы.

Бывай, сталоўка бэрлiнскага аддзяленьня пасольства Расейскай Фэдэрацыi, дзе цябе нагадавалi баршчом i сечаным шнiцлем.

Бывайце, па-цыганску маляўнiчыя жабракi й жлукты са станцыi мэтро Заалёгiшэр гартэн! Нiхто не забаронiць вам, аблiваючы бароды, смактаць сваё вiно й пiва, цалавацца ўзасос бяз розьнiцы полу й проста на вулiцы, пад нагамi ў мiнакоў, здымаць хiрургiчныя швы з раны, атрыманай тут у п'янай бойцы.

Бывай, заходнебэрлiнскi зьвярынец, пасьля якога хочацца наведаць усе зьвярынцы былога СССР з адной толькi мэтай - дапiсаць на кожнай шыльдачцы з назваю жывёлiны два словы: "дробны" й "брудны".

Бывайце, прычасаныя, быццам на прыём дыпляматычнага корпусу, арангутангi, гiбоны й гамадрылы! Бывайце, фрывольныя макакi з мадняцкiмi фрызурамi! Вашыя дзецi маглi б штодня адпраўляць сваiм равесьнiкам у СНГ гуманiтарную дапамогу ў выглядзе некалькiх скрынак памаранчаў, кiвi, манга й трускавак, якiя ў нас бываюць у чэрвенi, а ў бэрлiнскiм зьвярынцы - а восьмай ранiцы.

Бывайце, бела-чырвона-сiнiя чыюкi памерамi з нашых буслоў! Вашая крыклiвая валтузьня нагадвала б пасяджэньне парляманту суседняе дзяржавы, каб вы не дзяўблi двух жоўта-блакiтных суродзiчаў, што больш выдавала на дзяльбу Чарнаморскага флёту.

Бывайце, падобныя да некаторых клясыкаў нашае лiтаратуры сытыя мядзьведзi зь недаедзенымi паляндвiцамi на цёплых камянёх пры басэйнах з вадою, чысьцiня якой не прысьнiцца нашым вадаправодным кранам нават у самых празрыстых снох. Бывайце, акапi са зграбнымi дзявочымi попкамi, абцягнутымi ультрасучаснымi зебрастымi ласiнамi. Бывайце, чапурыстыя жырафы зь недажаванымi гронямi залацiстых бананаў.

Бывайце, бэрлiнскiя зьвяры! Ваш рацыён пакуль нам толькi сьнiцца.

Бывай, падобны да маскоўскiх нэабальшавiкоў усходнебэрлiнскi маладзён з вачыма параноiка! Напэўна, ты й сёньня палохаеш пасажыраў падземкi сваiмi iстэрычнымi выгукамi, абяцаючы без чаргi расстраляць усiх буржуяў i паказваючы, як гэта будзе: "Та-та-та-та-та!" (Наконт без чаргi, дык у прынцыпе, усiх нас трэба абслугоўваць безь яе, бо ўсе мы - хто болей, хто меней - iнвалiды сацыялiзму.)



2 из 8