
Бывай, бэрлiнская сьцяна! Цябе няма, але нават ня ведаючы, дзе твой нож упiваўся ў цела гораду, iмгненна адчуваеш, у якiм сэктары знаходзiсься, бо з аднаго боку сьцяны пачуваесься ў значна палепшаным, але яшчэ ў сваiм вымярэньнi, а з другога - апаноўвае навязьлiвае адчуваньне, што з гледача ты ператварыўся ў дзейную асобу тэлеперадачы пра сьвет, дзе, як пiсаў яшчэ нядаўна сёй-той з нашых сучасных дэмакратаў, спраўляе свой баль жоўты д'ябал.
Бывайце, двухпавярховыя гарадзкiя аўтобусы зь дзясяткам пасажыраў, лiфты для iнвалiдаў на станцыях электрычкi, у падземных пераходах i ўнiвэрмагах, дармовыя музэi з эгiпэцкiмi мумiямi, палотнамi Босха, Брэйгеля й Кранаха, з графiкай Дзюрэра й васковымi скульптурамi Леанарда! Бывайце, адмысловыя прыбiральнi для нябогаў на калясках i сьцiплыя прыгарадныя супэрмаркеты са сьвежымi персiкамi, вiнаградам, авакада й з пладамi, якiх вы нiколi ня бачылi нават на малюнках, а таксама яшчэ зь дзесяцьцю тысячамi найменьняў тавару, сярод якога трыста гатункаў цукерак i трыццаць - туалетнай паперы, у тым лiку з зайчыкамi й з паветранымi шарыкамi.
Бывай, цiхi зялёны куток у прадмесьцi, дзе на мяжы капiталiзму й сацыялiзму абменьвалi шпiёнаў! Калi б цябе звазiлi ў заходнi сэктар у тваiм пiянэрскiм дзяцiнстве зь ягонымi хрушчоўскiмi чэргамi па хлеб, ты, магчыма, таксама захацеў бы падацца ў шпiёны, каб цябе калi-небудзь абмянялi на нямецкага, а мо й на савецкага калегу.
Бывай, усходнi сэктар! Дзе яшчэ можна было ўбачыць так блiзка да зораў беларускага паэта Алеся Разанава, якi спакусiў цябе на начны вылаз у былы разьвiты сацыялiзм, а па дарозе да Аляксандар-пляцу ўбiўся ў нейкi камунiстычны тупiк з бруднымi калюжынамi i ў роспачы палез на ржавы жалезны плот, за якiм шумеў ручай з зусiм свойскiм пахам.
