
Бывай, возера Ванзэе з тваiмi яхтамi, цеплаходам "Мобi Дык" i павай з Павiнай выспы, якая выйшла па-павiнаму пасварыцца на цябе, калi ты плыў на "Мобi Дыку" ў Патсдам, дзе ў Сан-Сусi ў атачэньнi магiлаў сваiх сабак спачывае кароль Фрыдрых II.
Бывай, падобная да невялiкага замку вiла Лiтаратурнага калёквiюму на прывазёрнай вулiцы, дзе ты ў сваiм пакоi ў вежы побач з ружовым каштанам, куды шторанiцы прылятала зязюля, спасьцiг, што такое эўрапейская цiшыня, пра якую сказаў у сваiм скандальным "Тропiку Рака" "чалавек са сталёвым фаласам, зьедлiвым розумам i неўтаймоўным свабодным сэрцам" - амэрыканскi пiсьменьнiк Генры Мiлер.
Бывай, вулiца Зандвэрдэр, над якой, калi ты, пабуджаны зязюляю, упершыню выйшаў на ранiшнi шпацыр, быў разьлiты кактэйль з пахаў бэзу, хваёвай смалы-жывiцы й гарачых булачак з карыцай. Бывай, падобная да адной з Кранахавых грацый наркаманка з плэерам i цiхiм шчасьлiвым сьмехам, што гучаў у гэтым вулiчным кактэйлi, дадаючы ў яго свой струменьчык з водару невядомых духоў i салодкага жаночага поту.
Бывай, да болю родны i ўтульны "Запарожац" з усходнебэрлiнскiм нумарам, што прыткнуўся сярод усiх гэтых пачварных аўдзi, фордаў, таётаў, вольваў i мэрсэдэсаў жывым увасабленьнем перавагаў плянавае эканомiкi.
Бывайце, мурашкi з Ванзэйскага парку! Гэтая зямля й вас надзялiла нямецкiм характарам зь ягоным богам парадку, i вы пракладаеце свае сьцежкi не абы-дзе, а акурат па каменных бардзюрах ходнiкаў, нiбыта за ваш мурашыны крок управа, крок улева вас вокамгненна возьме ў абарот палiцыя.
Бывайце, бэрлiнскiя камары! Аднаго вечару вас наляцела столькi, што мiжволi палезьлi ў голаў гiсторыi пра гулагаўскiя страты з дапамогаю сiбiрскае камарэчы - пагатоў змагацца з вамi, дзякуючы добраму францускаму кабэрнэ, ужо не было нiякае змогi, i заставалася адно зацкавана пазiраць на крылатыя эскадрыльлi, што злучалiся ў палкi й дывiзii. Невядома, дзе, хто й чым вас гадуе, але тады, калi вас набiлася ў пакой, як савецкiх алкашоў у парфумэрную краму, куды прывезьлi "трайны" адэкалён, i калi рука асуджана нацiснула на выключальнiк, вы ня кiнулiся пiкiраваць, як, зарабляючы ачкi на будучае расейскае вiцэ-прэзыдэнцтва, пiкiраваў на сваiм бамбавозе на афганскiя кiшлакi вусаты "воiн-iнтэрнацыяналiст" Аляксандар Руцкой, а - мiрна палеглi спаць да самае ранiцы.
