Дзе яшчэ вы вып'еце кухлiк залатога хмелю ў пiўбары, кельнэрам у якiм служыць былы партбос гарадзкога ўзроўню, якога часам пазнаюць вiзытанты з Рэспублiкi Беларусi, што калiсьцi пiлi з партайгеносэ на партайбанкетах, а цяпер заложна аднаўляюць беларускую дзяржаўнасьць. Кажуць, сустрэўшы знаёмага, гер кельнэр не хавае вачэй, аднак ветлiва папярэджвае, што доўга затрымлiвацца каля аднаго столiка яму забаронена.

Бывай, падобная да праваслаўнай царквы зялёнакупальная турма Маабiт, дзе сядзеў за Гiтлерам татарскi паэта Муса Джалiль, а цяпер сядзiць шэф усходненямецкага мiнiстэрства дзяржбясьпекi Эрых Мiльке i дзе, як лiчаць усе бэрлiнцы, з кiм ты пра гэта размаўляў, павiнен сядзець геносэ Хонэкер. Ён хоча да дачкi ў Чылi, але ж гэта ён доўгiмi гадамi не выпускаў твайго перакладчыка былога дысыдэнта Норбэрта Рандава да жонкi й малога сына ня ў Чылi, а ўсяго толькi з Бэрлiну ў Бэрлiн; не пускаў нават тады, калi ў жонкi згарэла кватэра, i, каб хоць колькi часу пабыць разам, сям'я мусiла паасобку зьбiрацца ў Баўгарыi.

Бывайце, бэрлiнскiя каналы й самавiтая Шпрэва! У вашых водах на вачох у спадара Рандава загiнуў ад кулi хонэкераўскага памежнiка заходнебэрлiнскi будаўнiк, якi ў скварны дзень, каб трохi асьвяжыцца, даў з прыбярэжных рыштаваньняў зухаватага нырца, што ўсходненямецкае радыё праз паўгадзiны ўжо абвясьцiла жудаснай правакацыяй рэваншыстаў.

Бывай, бэрлiнская каналiзацыя! Па тваiх трубах, пакуль iх таксама не перарэзала жалезная заслона, пайшоў у вольны сьвет сябар твайго спадарожнiка й твой калега-лiтаратар; рукапiс ягонага раману дабiраўся iншым шляхам, каб дайшоў хоць адзiн з двух.

Бывайце, фраў Эльке Эрб! Вы таксама пакаштавалi сацыялiзму, а таму вам было трохi лягчэй перакладаць зь беларускай вэрсэт пра чужую зямлю, якая робiцца радзiмай толькi тады, калi назаўсёды ляжаш у яе.



4 из 8