
- Ось нялёгкая занесла яго сюды!
- Папаўся, як у нерат, нi ўзад нi ўперад!
- Як ты думаеш: вылезуць яны цi не? - пытаў адзiн барадаты другога вусатага.
- Без помачы самi не вылезуць, - важна гаварыў вусаты.
У другiм гуртку жартавалi з пана.
- Кепскае месца абабралi яны для маёўкi.
- Цi не думалi яны з брычкi рыбу лавiць?
- Як вiдаць, прыехалi сюды траву жаць цялятам.
Жарты сыпалiся за жартамi, - толькi смех разлiваўся па балоце.
- Скiдай, Андрэй, боты, цi што; iдзi, хоць паненак вынесi на бераг.
Худы, высокi Андрэй вынуў з зубоў люльку, выпусцiў з рота дым i засмяяўся, замахнуўшыся цыбуком на таго, хто падаў яму такую параду.
- А ўсё ж такi трэба памагчы.
- Пойдзем, паможам!
I з пяцьдзесят сялян паскiдалi лапцi, падкасалiся i смела рушылi ў балота; толькi пырскi ляцелi з-пад ног ды ўздымалiся булбаткi.
- Памагай Бог! - гукнулi сяляне.
- Дзякуй вам, хлопцы.
Няскора сяляне прыступiлi да работы. Яны сталi распытвацца: як? чаму? чаго? цi не выпiўшы быў фурман?
Адзiн разглядаў панскую брычку, шараваў рукою, хвалiў, што добра памалёвана.
- Ну, хлопцы, годзе языкi мянцiць! - сказаў стары Пятрусь. - А то i сонца нам зойдзе ў балоце. Бярэцеся!
- Бярэцеся? Куды ж ты возьмешся?
- I як ты ездзiш, каб ты жыватом ездзiў? Дзе твае вочы? - накiнуўся Антось на фурмана.
- А ты не лайся...
- Не лайся, не лайся! - перакрывiў яго Антось. - Дурня павучыць не шкодзiць.
- Калi прыйшоў памагаць, то памагай, бо вас нiхто не прасiў, мы i самi выратуемся, - важна сказаў пан.
- Годзе, хлопцы, сварыцца, - умяшаўся зноў стары Пятрусь. - Грыгор! камандуй ты.
З сялянскай чарады выступiў Грыгор, шыракаплечы, з рудою барадою.
III
Грыгор борзда павёў рэй.
- Хлопцы, адвернем наўперад брычку. Ну, жыва! Вы, Антось, Яська, Базыль i Кiрыла, бярыце збоку, а ты, Iгнась, Карусь, Данiла, i ты, Алесь i Гаўрыла, - з другога. О, так! А цяпер ты, Гiлёрык i Хлёрка, пад зад падтрымайце. Ну, рразам!
