Мужчыны дружна падхапiлi каляску i адвярнулi, але, адварочваючы, выкiнулi панскае сядзенне, адкуль пасыпалiся бутэлькi з выпiўкамi i вяндлiна, заверчаная ў паперу.

- Мядзведзi вы! - крыкнуў пан. - Толькi шкоды наробiце.

- Эх, пане, дзе чубы трашчаць, там i пэйсы ляцяць, - сказаў Грыгор.

- Пусцi свiнню пад стол, то яна захоча i на стол, - не вытрымаў фурман.

- Ну, годзе! - работа не скончана, - камандаваў Грыгор. - Адцягнем покi што брычку, а перадок няхай тут пабудзе. Жыва, хлопцы, жыва, - будзе водка i пiва.

- Нашто цягнуць, - зыкнуў пан, - прышварнуйце толькi да перадка.

- Не, не так: наўперад адцягнем брычку на груд, каб спраўней было каля коней завiнуцца. Выпрагаць трэба.

- А нашто?

- Ну, гэта мы ўжо лепей ведаем.

- А нi чорта вы не ведаеце!

- Слухай толькi нас - усё добра будзе, - казаў Грыгор, - мы жыва адцягнем брычку на груд, выпражам конi, бо з брычкаю не ўстануць.

- Пся крэў! - вылаяўся пан. - Рабiце, як я вам кажу!

Брычку прышварнавалi да перадка.

Пан узяў пугу i закамандаваў:

- Пхайце, пхайце, хлопцы! - а сам хвошча па конях ды крычыць: - Но! но!

Iрванулiся конi, забiлi нагамi ды глыбей у гразь аселi.

- Ды слухай ты разумных людзей, вар'ят! - ускiпеў стары Пятрусь.

- Пхайце, пхайце, пся маць!

- Куды пхаць? Гэта табе не гладкая дарога!

- Iдзьце да д'ябла, хамове! - узлаваўся пан.

- Лепш ты сам з д'яблам застанься.

- Пойдзем, хлопцы, дадому!

I пайшлi. На балоце стала цёмна. А брычка i паны ўсё глыбей у гразь лезуць.



3 из 3