Паблiзу нашага дому ёсьць канал, на якiм вядуцца качкi. Раней па канале плаваў лебедзь, але ня вытрымаў "перестройки" i адляцеў кудысьцi ў эмiграцыю.

А вось яшчэ адзiн знаны нацыяналiст прафэсар Уладзiмер Конан "перестройку" вытрымаў i па-ранейшаму глядзiць на сьвет зь верхатуры суседняга шматпавярховiка.

Часам прафэсар можа ўбачыць, як ранiцой па беразе каналу бегае парлямэнтар Пятро Садоўскi. Мiнакi з захапленьнем назiраюць, як бягун распранаецца й дае нырца. Як кажа адзiн з выбаршчыкаў, на тое ён i народны дэпутат.

Прыбег, значыцца, аднойчы спадар Садоўскi ранiцай на канал i - у ваду. А на беразе сядзiць рыбак з вудаю. А мо й не рыбак, i нiякая ў яго ў руках ня вуда, а партатыўны перадатчык (як кажуць вэтэраны беларускiх выдавецтваў, "мает рацыю"). Сядзiць гэты вудаль i глыбакадумна так кажа:

- Ну што, Пятро, дабегаўся?

Дэпутат зьдзiвiўся, але плыве як нiчога нiякага.

А вудаль удакладняе:

- Вылазь, Пятро. Пераварот.

Дэпутат зiрнуў на дом, а адтуль жонка бяжыць.

Тут ён i зразумеў, што гэта ня жарцiкi. Ды якiя там жарцiкi, калi пiсьменьнiк Барыс Сачанка гэты пераварот прадказваў ад самай зiмы ўжо разоў зь дзесяць.

Народ вудзiў рыбу, а народны дэпутат апрануўся й паехаў хутчэй у парлямант. А тым часам нехта з парлямэнтараў шукаў, куды б зашыцца, нехта, рыхтуючыся да адсiдкi, культурна складаў у партфэль камплект бялiзны з зубной шчоткай, а нехта ехаў ужо ў цягнiку ў Санкт-Пецярбург, каб пачынаць усё спачатку.

Карацей, 19 жнiўня.

Гэта парлямэнтары.

У паспалiтых людзей таксама ўзьнiклi свае праблемы.

Да мяне, скажам, падыходзiць на двары старшыня дамкаму - цiхi такi пэнсiянэр i аматар паддаць, што разьмяркоўваў нам талёны на харч. Гляджу: быццам падмянiлi старшыню: вока гарыць, не раўнуючы, як у якога варашылаўскага стралка.



2 из 5