
- Ну, как там, Владимир Алексеевич, ваш Народный фронт?
Я яму:
- А адкуль, прабачце, вы ведаеце, як мяне завуць?
- Э-э, милок, я, к твоему сведению, человек непростой. Я когда-то комсомольский штаб Минска возглавлял.
Мяне неяк мiжволi ад суровай прозы пацягнула на паэзiю:
Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе,
Тоячы словы i думкi свае...
"Ня выдам нiкога, апрача аднаго пiсьменьнiка, - прысягнуў я сам сабе страшэннаю прысягай. - Яму ўсё адно нiчога ня будзе".
I пайшоў слухаць далей радыё "Свабода".
З допытам, як вядома, атрымалася адтэрмiноўка.
I тут я, слабы чалавек, узяў грэх на душу. Пазванiў днi праз тры да былога начальнiка камсамольскага штабу ў дзьверы.
- Ляксеiч, хачу як суседа папярэдзiць. Народны фронт прыняў рашэньне: усiх старшыняў дамкамаў - арыштаваць.
Сьпярша, бо быў, як зазвычай, п'яны, ён даў веры.
- Владимир Алексеевич, спасибо.
Добра, што цяпер талёны выдаюць у домакiраўнiцтве.
Яшчэ днi праз тры ў мяне быў дзень нараджэньня. Якраз тады, як Малафеева (ня трэнэра, а таго, што спрабаваў муштраваць усiх нас) сьцягнулi на сэсii з трыбуны, а ягоны папярэднiк пэнсiянэр усесаюзнага значэньня Ахрэм Сакалоў падруляваў на службовай "Волзе" да ЦК i ўбачыў труну, вакол - плакальшчыцаў, а на труне машастовую стужку са сьцiплым надпiсам: "Ум, честь и совесть".
Таго вечара сябры падаравалi мне кавалак гранiту, адбiты ад будынiны ЦК КПБ, той, што стаяла насупраць гарадзкой прыбiральнi, на якую касавурылiся, круцячы насамi, бюсты таварышаў Маркса й Ленiна.
Такiм чынам хоць частку былой парцейнай маёмасьцi пашэнцiла прыватызаваць i мне.
Так нашая Серабранка апынулася ў сувэрэннай Рэспублiцы Беларусi.
Жыць, праўда, паспалiтаму чалавеку стала ня надта каб лепей i весялей. Нават бел-чырвона-белыя сьцягi вывешваць на гаўбцах ужо нецiкава, а бэсэсэраўскiх назапасiць у нас у доме не даўмелiся.
