
- Што вы ўсё ходзiце? Там у вас яшчо какой-та Садовскiй жывёт. Тожа ходзiт. Навыпiсывалi журналав па-бiларускi, а цiпер варуют адзiн у аднаво iз яшчыкав...
Недалёка ад пошты жыве крамяны дзядзька, зь якiм нас зблiжае тое, што ў яго таксама рэдкае мяно.
У гiстарычныя трыццатыя гады iдэёва загартаваныя бацькi ахрысьцiлi сына Камiнтэрнам.
Ня ведаю, як было зь лексыкай у фiрме, у гонар якой яго назвалi (мо там сыпалi выключна антыдзюрынгамi й пасылалi на эмпiрыякрытыцызм), а ў нашага Камiнтэрна ўлюбёнае слаўцо, перапрашаю, "блядзi".
Зноў адключылi на тыдзень гарачую ваду - "Блядзi!"
Паднялi кошт на гарэлку - "Што робяць, блядзi!"
Абвясьцiлi Каляды выхадным днём - таксама "блядзi", але з адценьнем павагi.
Ня ведаю, што там чынiлася ў бальшавiцкiм Камiнтэрне, а наш дзядзька Камiнтэрн - вечна нападпiтку. Часам ён насмоктваецца да божае моцы й можа забурыцца проста пасярод дарогi.
- Зноў Камiнтэрн напiўся, - кажуць тады жанчыны ў ягоным двары й просяць мужыкоў завалачы жлукту дахаты, бо дзядзька мае адметную рысу: завалiўшыся на дол, уяўляе, што ён ужо дома, i, палохаючы мiнакоў, пачынае распранацца да майткоў.
У нашай Серабранцы ня менш цiкавага, чымся ў Фолкнэравай Ёкнапатофе.
Але на сёньня я закругляюся, бо да мяне зрабiў вiзыт знаёмы мастак, i мы зь iм глынем кавы, а потым ён натхнiцца й што-небудзь намалюе ў Нашай Нiве, i гэта разам з маёй пiсанiнаю выклiча ў часткi чытачоў новую порцыю здаровага абурэньня.
А таму, як звычайна кажуць у Ню-Ёрку, гуд бай!
Або, як звычайна кажуць у нас у Серабранцы, у Менску, у незалежнай Рэспублiцы Беларусi, до свидания!
Люты, 1992 г.
