
Ужо з тыдзень, як не было нiкагутка. Два днi ўжо, як есцi няма чаго. Пяклi грыбы, ягады збiралi, але ўсё ў жываце нешта ссе, нешта цягне...
Цяпер - хто ляжыць, хто сядзiць вакол вогнiшча, i кожны думае сваю думку асобную. Маўчаць, а ў кожнага з вачэй глядзiць пытанне, рашуча паўстаўшае:
- Што далей?..
Грышка маўчанку парушыў...
- Ну што, хлопцы, прызаўнылi? Га?.. Дрэнна, кажаце? Што, Смоўж, нос павесiў?..
Смоўж, або Змiтра Кандратаў, павярнуў ад свету ў цень свой твар. Не сказаў нiчога.
- Во што, хлопцы! Трэба думаць. Цi тое, цi другое. Не здыхаць жа...
Сцёпка ўзняў галаву...
- Жраць хочацца. Здаецца, вала б з'еў... Вунь Смоўж, халера на яго, яўляцца ўжо надумаў... Га, Смоўж?..
Невядома, хто з iх падумаў аб гэтым: цi Сцёпка, цi Смоўж. Мусiць, у абодвух думка гэта лунала.
Смоўж i не зварухнуўся - быццам i не да яго казалася. А Грышка-завадатай пачуў хiстанне сярод сябрукоў. Каб знiштожыць яго, гукнуў бадзёра-пагрозна:
- Я яго гэтак яўлюся, што не пазнае!
Аднак усе маўчалi. Грышка змянiў тон...
- Аб тым, што яўляцца, i гаварыць не варта. Нашто б тады i ўцякаць было! Не ўжо, як на мяне, дык калi зрабiў што - не вярнi назад. Ды што там? Бачыш ты: не паелi дзень, гора якое... А там што, пiрагамi б цябе кармiлi? Чулi, якое жыццё там...
- Ды гэта глупства... Яўляцца, яўляцца... Хто гэта захоча яўляцца? Турмы не бачылi? Вось жраць няма чаго. З вёскi не нясуць, баяцца, мусiць.
- Не баяцца, а што iм за ахвота дармаедаў кармiць? Пайшлi во маладыя, думаюць - i гэтыя могуць служыць, нечага лайдачыць.
- Ну, дык iдзi, чаго ты...
- Ды я не аб тое...
Грышка рашуча прамовiў:
- Во што, братцы! Бацькi кармiць не хочуць - пражывём i без iх. На работу станем!
- На якую?
- На якую?.. А на такую, на якой за раз можна зарабiць столькi, колькi на iншай за год не заробiш...
