
Зразумелi хлопцы... Быццам засаромелiся, пахiлiлi галовы. Адзiн на аднаго не глядзелi...
- Што замаўчалi? Спалохалiся? Страшна?
Зноў маўчалi... Потым азваўся адзiн:
- Чорт яго... Каб было з чым... Голымi рукамi...
- Чаго? Адна ёсць стрэльба... Сцёпка да сваiх дабярэцца, двухстволку возьме.
Грышка з чаканнем углядаўся ў твары хлапцоў. Сцёпка ўдарыў Смаўжа па спiне.
- Як, Смоўж, га? Пойдзем на паляванне?
- Усё роўна...
Сказаў, а ў самога нутро халадзела. Бегчы адсюль, уцячы захацелася. Нялюбай, страшэннай здалася кампанiя хлапцоў. Жудасць душу ахiнула. Эх, i нашто ён прыйшоў сюды? Нашто паддаўся спакусе?
А хлопцы памалу разварушылiся. Iх захапiлi новыя планы. Вочы жвава блiшчэлi, як гаварылi, згаварвалiся... Пасталi вакол вогнiшча, асвятлёныя чырвоным дрыжачым бляскам. Як зданi якiя...
Доўга яны гаманiлi, доўга парушалi глыбокую цiш, панаваўшую ў Саўках...
I згаварылiся...
2
Праз Саўкi прабягала дарога. Кулялася ў равы, узбягала на ўзгоркi... То тулялася па хмызняку, то вясёла, адкрыта ўсмiхалася жоўтаю пакручастаю стужкаю.
Было адно месца, дзе дарога шпарка збягала па крутому скелзу. З аднога боку - гара, абросшая густым хмызняком, з другога - глыбокая прорва. Небяспечнае месца. Дарога вузенькая - толькi калёсам праехаць. Угару яшчэ нiшто, а во ўнiз - глядзi ды глядзi. Добра, калi конь стрымае, не пабяжыць, а то - беражыся! Троху-троху - i пакоцiшся.
У гэтым месцы хлопцы заселi. Праслухалi, што з горада валасны будзе ехаць з грашыма. Рашылi пераняць тут...
Смоўж, што мышанёнак, прытулiўся ў кустах ля дарогi. Яго абавязак не трудны: як будзе спускацца, знецiкi выскачыць, спудзiць каня, каб убок iрвануўся. Дарога вузенькая - напэўна пакоцiцца ўнiз. А там ужо хлопцы чакаюць - канчаць.
Доўга ўжо ждуць. Сонца хiлiцца пачало к захаду. Ценi пацягнулiся даўгiя, даўгiя... На кусты, на траву пачала класцiся пазалота...
