А яго ўсё няма...

Смоўж ляжыць дагары на зямлi. Скрозь галiны алешнiку глядзiць у далёкае неба блакiтнае i думае шчырую думу. Яму ўспамiнаецца ўсё, што перажыў ён у апошнi час. Як яго бралi ў жаўнеры, як не хацелася яму разлучацца з роднай вёскай, з роднымi людзьмi, як ён аж плакаў, ад'язджаючы ў войска. А там жыццё цяжкае, жорсткае... Колькi ён слёз папалiў, колькi ночак не спаў - усё думаў аб роднай краiне. З Сцёпкам сышоўся. Бывала, чуць вольная часiнка усё гаварылi, успамiналi... Той i пабегчы яго падбухторыў.

Ой, як хацелася ў двор! Смоўж i не думаў тады, цi добра, цi дрэнна ён робiць; не думаў аб тым, што можа быць у канцы. Толькi б у двор...

Вось i прыбеглi. Нядоўга ў двары жыць прыйшлося. Небяспечна было заставацца ў вёсцы. У Саўкi пайшлi. З Грышкам злучылiся, яшчэ два хлопцы прысталi. Сперш нiшто было. Нiчога не рабiлi, гулялi, дурэлi, апавядалi адзiн аднаму пра свае вандроўкi. Хлопцы прыходзiлi з вёскi - яшчэ весялей было.

А потым iначай пайшло. Адзiн аднаму надакучылi, жыць па-воўчаму ў лесе абрыдла. Дый без работы мутарна неяк. Так захацелася жыць, як усе, акунуцца ў жыццё з галавой.

З вёскi пайшлi маладыя. Некаму стала й прыходзiць. Зусiм забылася на iх вёска. Голад пачаўся. I ўсё цяжэй на душы рабiлася. Чуў Смоўж, што не вытрывае.

I вось... урэшце...

Не, не чакаў гэтага Смоўж. Не хацеў, баяўся. Натура яго не згаджалася з гэтым. Але штось прымушала згаджацца i рабiць. Хто яго ведае? Цi сябрукоў ён баяўся, цi слабасцi сваёй саромеўся. Але вось ляжаў i чакаў, гатовы на страшэннае дзела.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Здалёк затарабанiла каламажка... Сэрца ў Смаўжа закалацiлася моцна, балюча. Быццам яго хто цiснуў, трымаў, а яно вырывалася... Думкi змяшалiся, як вiхор, закруцiлiся... Мiганулi сябрукi - далёкiмi, чужымi здалiся...

Двор праляцеў, i чагось асаблiва выразна прадставiлася сястрыца Гануля...



4 из 5