
- I не дзiва, што памчацца, - прамовiў чырвоны з крапiнкамi матыль. - Ты адзiн як загудзеш, дык страшна робiцца. А што казаць, калi вас збярэцца цэлы рой?
- Вы памыляецеся, авадзень, - сказаў шэршань, - як бы вы нi ўсведамлялi сабе калектыў i яго мэты, як бы асабiста нi глядзелi вы на калектыўны лад жыцця, усё ж такi вы жывяце, вы мусiце жыць у калектыве, i за межамi яго, скажу проста, немагчыма бытаванне асобы!
- Брава, брава, шэршань! - запляскаў лапкамi камар. - Мне незвычайна падабаюцца вашы думкi i спосаб iх выказвання.
У самы разгар камаровага красамоўства пачулася гудзенне, i ўслед за гэтым, як бомба, з'явiўся жук. Не паспелi тут i слова вымавiць, як жук раптоўна ўляцеў у самую сярэдзiну сходу i тут жа, не схаваўшы нават нiжнiх мяккiх крылляў, упаў на спiну i пачаў ад здавалення перабiраць крывымi ножкамi.
Зялёнакрылая i сiнякрылая бабкi войкнулi i адначасна ледзь не памлелi такiм раструханым здаўся iм жук.
- Схавай, брат, сваю кашульку, бо нашы паненкi паўмiраюць ад сораму, сказаў авадзень.
- Фi, фi! - запiшчалi бабкi. - Ах, якi мужык! Як дрэнна ад яго пахне.
- Слухайце, жук, вы трымаецеся непрыстойна ў кампанii дам, - закруцiўся каля жука камар.
А жук, не зварочваючы нi на кога ўвагi, ляжаў на спiне i перабiраў нагамi.
- Эх, браткi, слаўна! Эх, слаўна! - выгукваў жук. - Ну ж i папрацаваў я, ну ж i пашанцавала мне! Шэсць ям выкапаў я! А колькi дабра нанасiў туды! Колькi скарбу!..
Крута змянiўшы тон размовы, жук раптам перавярнуўся, акiнуў поглядам сход i спытаў:
- Цi шчаслiвыя вы, прыяцелi мае?
- Шчаслiвыя! - адгукнулiся ўсе разам.
- А што зрабiла вас шчаслiвымi?
- Хараство гэтае ранiцы.
- Прыгоства нашага краю.
- Жыццё.
- Згода.
- Дабрабыт.
- Гармонiя калектыву.
I яшчэ многа розных адказаў пачуў жук.
