
Трымаючы напагатове свой ППШ, сержант абабег домiк, запыленымi ботамi трушчачы шкло i паскiданую з даха чарапiцу. У iм усё тлеў невыразны, так i не праяснены смутак аб забiтым узводным, у якога, бы эстафету, падхапiў ён чарговы клопат - павярнуць узвод фронтам да кiрхi. Лемяшэнка не дужа разумеў, навошта гэта было, але апошнi загад камандзiра набыў ужо сiлу i вёў яго новым кiрункам.
Ад домiка па вузенькай дарожцы, выкладзенай бетоннымi плiткамi, ён дабег да веснiц. За шчыкетнай загарадкай цягнуўся нешырокi завулак. Сержант зiрнуў у адзiн бок, у другi. Дзе-кольвечы сюды выбягалi з панадворкаў байцы i таксама азiралiся. Вунь i яго Ахметаў - выскачыў ля трансфарматарнай будкi, азiрнуўся i, згледзеўшы аддзялённага, сярэдзiнай вулiцы пашыбаваў да яго. Недзе мiж садкоў, шэрых катэджаў i домiкаў з лютым крэктам разарвалася мiна, побач на крутым даху, збiтая асколкамi, зрушылася i пасыпалася ўнiз чарапiца.
- Улева давай! На кiрху!!! - крыкнуў сержант i сам пабег па-над драцяной агарожай, шукаючы дзе якога праходу. Наперадзе з-за курчавай зелянiны недалёкiх дрэў сiнiм шпiлем тырчала ў неба кiрха - новы арыенцiр iхняга наступлення.
Тым часам у завулак адзiн за адным высыпалi аўтаматчыкi; з'явiўся ззаду нiзенькi, камлюкаваты, з крывымi ў абмотках нагамi кулямётчык Натужны, за iм - навiчок масквiч Тарасаў, якi з самага ранку не адставаў ад спрактыкаванага старога байца; з нейкага двара лез цераз загарадзь маруда Бабiч у перакручанай на галаве зiмовай шапцы. "Не мог знайсцi якога праходу, торба", - вылаяўся ў думках сержант, убачыўшы, як той спачатку перакiнуў цераз плот свой аўтамат, а пасля нязграбна перавалiў на вулiцу няўклюднае медзведзяватае цела.
- Сюды, сюды давай! - махнуў ён, злуючы ад таго, што Бабiч, падняўшы аўтамат, пачаў атрэпваць свае запэцканыя каленi. - Хутчэй!
Аўтаматчыкi нарэшце зразумелi каманду i, знаходзячы праходы, знiкалi ў веснiцах, мiж дамоў, за будынкамi. Лемяшэнка натрапiў на расчыненыя вароты i ўбег у даволi шырокi заасфальтаваны двор, на якiм размясцiлася нейкая нiзкая шэрая будынiна, вiдаць, гараж. Следам за сержантам убеглi сюды яго падначаленыя - Ахметаў, Натужны, Тарасаў, апошнiм трухаў Бабiч.
