- Лейтэнанта забiла, - кiнуў iм сержант, выглядаючы якi-небудзь праход. - Ля белага домiка.

У той час аднекуль зверху i зблiзку прагрукацела чарга, i кулi, пакiдаючы на асфальце свежыя ямкi i зрыкашэцiўшы, iмгненна разляталiся ў бакi. Лемяшэнка кiнуўся пад сховань глухой бетоннай сцяны, што абгароджвала двор, за iм - астатнiя, толькi Ахметаў спатыкнуўся, ухапiўся за бiклагу ля пояса, з якой у два струменi нешта лiлося.

- Сабакi! Куды ўцэлiлi, гiтлерчукi праклятыя...

- З кiрхi, - сказаў Натужны, пазiраючы праз голле дрэў у бок шпiталя. Яго невясёлы, папсуты воспаю твар агарнуўся клопатам.

За гаражом знайшлiся веснiцы з завязанай дротам клямкай. Сержант выняў фiнку i за два ўзмахi перарэзаў дрот. Яны штурхнулi старыя дзверы i апынулiся пад разложыстымi галiнiстымi вязамi старога парку, але тут жа пападалi. Лемяшэнка разануў з аўтамата, за iм ударылi чэргамi Ахметаў i Тарасаў - мiж чорных жылiстых камлёў беглi ўрассыпную зялёныя паджарыстыя постацi ворагаў. Непадалёку за дрэвамi праглядваў шырокi прастор нейкай плошчы, i за iм высiлася ўжо нiчым не затуленая кiрха. Там бегалi i стралялi немцы.

Неўзабаве, аднак, ворагi заўважылi iх, i першая кулямётная чарга пырснула жарствой з бетоннай сцяны, абцярушыла парэпаную кару вязаў. Трэба было бегчы далей, да плошчы i кiрхi, уссеўшы на ворага, не злазiць з яго карка, не даць яму апамятацца, але iх было мала. Сержант паглядзеў у бакi болей пакуль нiхто не прабраўся да гэтага парку: чортавы панадворкi i загарадзi сваiмi лабiрынтамi трымалi людзей.

Кулямёты смалiлi па сцяне, па шыферным даху гаража. Байцы распласталiся на драбнюткай далiкатнай веснавой траўцы i тыркалi кароткiмi аўтаматнымi чэргамi. Натужны выпусцiў з паўдыска i сцiх - страляць не было куды, немцы пахавалiся ўжо ля кiрхi, а iх агонь з кожнай хвiлiнай гусцеў.



3 из 6