Далей бегчы не было як, i сержанта дужа занепакоiла, як выбрацца з гэтага аблытанага дротам парку. Урэшце яго быццам нешта асвятлiла знутры - ён выхапiў з кiшэнi гранату i павярнуўся, каб крыкнуць iншым. Але што крычаць у гэтым грукаце! Адзiнай магчымай камандай тут быў уласны прыклад, надзейны камандзiрскi загад: рабi, як я. Лемяшэнка вырваў з запала чаку i шпурнуў гранату пад сетку агарожы.

Дзiрка атрымалася невялiкая i няроўная. Разадраўшы на плячы гiмнасцёрку, сержант працiснуўся праз сетку, азiрнуўся - следам, прыгнуўшыся, бег Ахметаў, ускакваў з кулямётам Натужны; побач грымнулi яшчэ разрывы гранат. Тады ён, ужо не азiраючыся болей, што было сiлы рынуўся наперад, ляскаючы гумовымi падэшвамi па слiзкай брусчатцы плошчы.

I раптам здарылася нешта незразумелае. Плошча хiснулася, збочыла, адным краем кiнулася некуды ўгору i балюча выцяла яго ў бок i скроню. Ён пачуў, як коратка i звонка бразнулi аб цвёрдыя камянi яго медалi, блiзка, ля самага твару, пырснулi i застылi ў пыле кроплi нечай крывi. Пасля ён павярнуўся на бок, усiм целам балюча адчуваючы непадатлiвую мулкасць камення, аднекуль, з сiняга неба, зiрнулi ў твар спалоханыя вочы Ахметава, але зараз жа знiклi. Яшчэ нейкi час праз грукат стралянiны ён чуў побач сцятае дыханне, гулкае тупаценне ног, а пасля ўсё гэта сплыло далей, да кiрхi, дзе, не сцiхаючы, грукаталi стрэлы.

"Дзе Бабiч?" - зноў скаланула яго забытая думка i кароткi забыты клопат за лёс узвода прымусiў напяцца i паварушыцца. "Што ж гэта такое?" свiдравала пачуццi нямое запытанне. "Забiты, забiты", - казаў нехта ў iм ягонымi думкамi, i невядома было, цi гэта пра Бабiча, цi пра яго самога. Ён разумеў, што з iм сталася нешта благое, але болю не адчуваў, толькi знямога скавала цела ды туман засцiў вочы, не даваў бачыць, цi ўдалася атака, цi выскачыў з парку ўзвод...

Пасля кароткага правалу ў свядомасцi ён зноў адчуў сябе i ўбачыў неба, якое чамусьцi ляжала ўнiзе, бы адбiвалася ў якiм агромнiстым возеры, а зверху на самую яго спiну навалiлася пляскатая роўнядзь плошчы з рэдкiмi целамi прылiплых да яе байцоў.



5 из 6