
Ахметаў, лежачы побач, толькi соп, злосна раздзiмаючы тонкiя ноздры, i паглядваў на сержанта. "Ну, а што далей?" - пытаў гэты яго позiрк, i Лемяшэнка ведаў, што i iншыя таксама пазiралi на яго, чакалi яго каманды, але скамандаваць што-небудзь было не дужа проста.
- А Бабiч дзе?
Iх было чацвера з сержантам - злева Натужны, справа Ахметаў з Тарасавым, а Бабiч так i не выбег з двара. Сержант хацеў загадаць каму паглядзець, што здарылася з тым мешкаватым байцом, але ў той час злева мiж дрэў замiльгалi постацi аўтаматчыкаў iхняга ўзвода - яны сыпанулi аднекуль даволi густа i згодна ўдарылi з аўтаматаў па плошчы. Лемяшэнка не падумаў нават, а болей адчуў, што час падавацца далей, да кiрхi, i, махнуўшы рукой, каб звярнуць на сябе ўвагу тых, злева, iрвануўся наперад. Крокаў праз некалькi пад камлём вяза ён упаў, даў дзве кароткiя чаргi. Нехта глуха чмякнуўся побач, сержант не ўбачыў яго, але па нечым няўлоўным адчуў, што гэта Натужны. Затым ён ускочыў i яшчэ сiгануў некалькi шырокiх крокаў. Злева не сцiхалi чэргi - гэта пасоўвалiся ў глыб парку яго аўтаматчыкi.
"Хутчэй, хутчэй", - у такт зморанаму сэрцу стукала ў галаве думка. Не даць апамятацца, наскочыць, разагнаць, бо, калi немцы паспеюць агледзецца i ўбачаць, што аўтаматчыкаў не шмат, тады будзе бяда, тады яны тут завязнуць...
Яшчэ прабегшы некалькi паспешлiвых крокаў, ён упаў на старанна падгрэбены, прапахлы прэласцю дол; вязы ўжо засталiся ззаду, побач сцiпла жаўцелi першыя веснавыя кветкi. Парк скончыўся, далей за зялёнай драцяною сеткай раскiнулася блiшчастая ад сонца плошча, вымашчаная дробнымi квадратамi шызай брусчаткi. У канцы плошчы ля кiрхi мiтусiлiся прыгнутыя постацi немцаў у касках.
"Дзе ж гэты Бабiч?" - чамусьцi ўсё назаляла думка, хоць з'явiўся цяпер большы клопат: трэба было неяк атакаваць кiрху цераз плошчу, а гэтая справа здавалася яму нялёгкай.
Аўтаматчыкi, не дужа зладжана страляючы, выбягалi з-за дрэў i залягалi пад агарожай.
