Дык вось, гадоў з двух з паловай я быў перакананы, што нiякая сiла не змусiць мяне, як вырасту, зрабiцца следчым.

Следчым працаваў дзядзька Чаглей, якi жыў у нашым драўляным доме праз сценку.

Дзядзька Чаглей прыехаў у Полацак з Сiбiры, але ў той дзень, калi ён падхапiў мяне сваiмi дужымi валасатымi рукамi пад пашкi i падкiнуў над галавой, а я з гэтае верхатуры абсiкаў яму блiскучы плех, у той дзень пра паходжанне нашага суседа, як i пра iснаванне ягонай далёкае радзiмы, я i не здагадваўся, а мой пругкi i трапны струменьчык нарадзiўся не ад нейкага перададзенага па генах асаблiвага пачуцця да сiбiракоў або да мiлiцэйскiх следчых, а ўсяго толькi ад лiшку радасных пачуццяў, што перапаўнялi маю юную iстоту.

Тым не меней пасля гэтага бяскрыўднага здарэння дзядзька Чаглей да скону дзён знелюбiў мяне. Ён нiколi - дарма што сваiх дзяцей яны з цёткай Клавай, якую ўсе звалi Чаглеiхай, не дачакалiся - не пачаставаў мяне нi цукеркаю, нi марозiвам, наогул нiчым, апрача нязменна насупленага калючага позiрку, якiм апошнi раз адарыў з труны пасля сваёй ранняе смерцi ад хваробы са смешнаю назваю "рак".

Малюючы гэтую псiхалагiчную сiтуацыю, можна знайсцi безлiч iншых дэталяў, аднак галоўную ролю ў маiм рашучым нежаданнi рабiцца следчым адыгралi не Чаглеевы п'янкi i не абванiтаваныя жоўтыя вяргiнi пад нашымi вокнамi, а грыбы лiсiчкi, якiя мама смажыла з цыбуляй i якiя наш сусед прынцыпова не еў, заяўляючы, што ў iх у Сiбiры такую смакату ўважаюць за паганкi i ўвогуле збiраюць адны баравiкi. Помсцячыся сiбiрскiм дзiкунам за лiсiчкi, я i паставiў на прафесii следчага вечны крыж.

Наступнай непрымальнаю нi пры якiх умовах была прафесiя цырульнiка. Тут мая непахiсная наважлiвасць вынiкала з бацькавых аповедаў пра франтавога сябра, якi ў нейкiм венгерскiм гарадку, пакуль мой тата-лейтэнант пазiраваў перад фотаапаратам, зайшоў у цырульню пагалiцца i прапаў. Потым тата разам з "нашым" патрулём знайшоў мёртвага сябра ў спiжарнi - над тазам крывi i з перарэзаным ад вуха да вуха горлам.



2 из 8