
Да пятага класа я наадрэз адмаўляўся хадзiць у нашую цырульню "Ландыш", i бацькi мусiлi купiць ручную машынку i карнаць мае шорсткiя кудзеры каля кухоннае плiты. Напоўнены цёмнай крывёю таз, вiдаць, адклаўся ў самой геннай памяцi, бо ў мяне нiколi не паўставала дылемы: насiць бараду альбо не, i нiводнага разу ў жыццi я так i не зведаў, што значыць пагалiцца ў цырульнi.
Але найбольш зацята я не хацеў - не здзiўляйся - стаць кампазiтарам. Я проста панiчна баяўся гэтага, бо ў размовах бацькоў i iхнiх знаёмых кампазiтар быў нязменным пасмешышчам. На лавачцы каля дома цi ў нейкай застолiцы, памiж свежымi гарадскiмi плёткамi i сакрэтамi марынавання гуркоў i памiдораў, хтосьцi абавязкова згадваў "нашага кампазiтара", i хутка прысутныя клалiся ад рогату, зноў i зноў пераказваючы тую гiсторыю i аздабляючы яе ўсё новымi маляўнiчымi драбнiцамi. Жанчыны паказвалi на дзяцей i трэслi на мужоў пальцамi, але засцярогi былi перастрахоўкаю: хоць малеча кшталту мяне i заходзiлася ад смеху заадно з дарослымi, звязаць звесткi пра нейкую палюбоўнiцу, пра пастаўленую ёй на адным месцы пячатку музычнай школы i пра мужаў пiсталет, ад кулi якога кампазiтар мог загiнуць, аднак яму хапiла спрыту ўцячы i схавацца дзесьцi ў Менску, звязаць усё гэта ў адзiн ланцужок мы былi яшчэ не здольныя.
Ну вось нарэшце i вiно. Такое? Тады - за тваё ўменне слухаць.
Развiццё тых падзеяў ва ўсiм iх ужо мiфалагiзаваным трагiкамiзме я ўявiў класе ў восьмым, калi ў музычнай радыёперадачы назвалi прозвiшча даволi вядомага i цяпер кампазiтара i праз незачыненыя дзверы я мiжволi падслухаў, як пракаментаваў паведамленне мой бацька, чалавек наогул суровы i не надта гаваркi, але з несумнеўным талентам апавядальнiка.
