- А матачкi мае! - у роспачы цiха прамовiла сойка. - Гэта ён варожыць, што памрэ дуб i ад яго астанецца труп!

- Не, не гэта гаворыць мудры прафесар, - уставiў слова голуб, - прафесар дае параду, што хвораму дубу трэба круп, грэцкiх цi прасяных.

- Вы не разумееце слоў прафесара, бо ён гаворыць па латынi, - заўважыў дрозд.

- Цiха вы! - зашыкала сарока. - Прафесар хоча сказаць прамову!

- Акадэмiк, - паправiла яе сiваваронка.

I сапраўды, крумкач заварушыўся, лапануў крыллямi, зляцеў на самы нiзкi дубовы сук, сеў i акiнуў вокам усю птушыную грамаду. Грамада зацiхла, замерла.

- Кррак! - цiха пачаў сваю прамову крумкач, так цiха, як звычайна пачынаюць свае выступленнi акадэмiкi на вучоных прэзiдыумах.

- Ясна ўсiм, шаноўнае птушынае грамадства, - казаў далей крумкач, - наш глыбокапаважаны дуб хворы: галава яго аблысела, а знiзу пачало ўтварацца дупло. Трэба даследаваць, у якiм стане знаходзiцца сэрцавiна дуба. Папрашу вас, шаноўнае птаства, пашукаць дзятла i запрасiць яго сюды. Дзяцел, як вядома вам, - выдатнейшы хiрург, лепшы доктар i друг дрэва.

Цэлыя чароды птушак шуганулi ў лес, каб знайсцi дзятла. Знайсцi яго было не цяжка: дзяцел сядзеў на дрэве i выстукваў аднастайныя гукi, нiбы тэлеграфiст перадаваў тэлеграму. Птушыная грамада абкружыла дзятла.

- Мiленькi ты наш! - звярнулася да дзятла галка. - Прыляцелi мы да цябе ад птушынай грамады.

- Дуб стары занядужаў, той, што стаiць над рэчкаю, - далучыўся да галкi дрозд. - Слаўны такi дуб, i ты, дзятлiк, прылятаў да яго ў госцi. А што да мяне, дык лепшай пазiцыi для музыкi, як на гэтым дубе, нiдзе няма. Дык патурбуйся, будзь ласкаў, i адведай хворага. Усе мы просiм цябе.



2 из 5