
Дзяцел прыпынiў сваю работу i сабраўся ў дарогу. Дарога, праўда, была не доўгая, ды дзяцел па часцi лётнiцтва не вялiкi мастак: падляцiць трохi ды прысядзе, а разам з гэтым у сiлу сваёй прафесii зiрне на адно, на другое дрэва. Нарэшце, усё ж такi дзяцел з птушкамi-пасланцамi прыбыў да старога дуба. Не спяшаючыся, як i належыць сталаму доктару, дзяцел агледзеў усе дубовыя галiны i невялiкiя дуплiнкi. Агляд рабiў уважна, старанна, залазiў сям-там i ў самае дупло. Часамi ён, нiбы доктар-неўрапатолаг, стукаў сваiм доўгiм i вострым дзюбам-малаточкам па дубовай кары, па галiнках. Птушкi з замiраннем сэрца сачылi за кожным спрактыкаваным рухам дзятла i дзiвiлiся яго ў высокай ступенi спрытным доктарскiм прыёмам i захоўвалi ўрачыстае маўчанне. Нарэшце дзяцел скончыў агляд хворага, пасля чаго, як спрытны акрабат, зрабiў надзiва прыгожы паварот на пальцах сваiх лапак.
- Дуб хворы, але не настолькi, каб можна было трывожыцца за яго жыццё. Дубу патрэбен поўны спакой. Усе дзiркi, што вядуць у нутро дуба, трэба пазатыкаць, а разам з тым паклапацiцца, каб паўночныя i ўсходнiя вятры не турбавалi старога дуба. А больш за ўсё глядзець, каб анi кроплi вiльгацi, будзе гэта дождж цi снег, не пападала ў нутро дуба. Жалуды пазнiмаць i лiсце сям-там прарадзiць, каб умацаваць дубу каранi. Ну, вось i ўсё.
Дзяцел пакланiўся птушынай грамадзе, сказаўшы на развiтанне "чык", i наладзiўся ляцець у сваю дарогу.
- Дзякуем, дзякуем табе, дарагi доктар! - адказала птаства i таксама пакланiлася дзятлу.
Голуб з драздом падхапiлi дзятла пад крыллi i так ляцелi з iм без усякiх перасадак да самай дзятлавай рэзiдэнцыi, а потым далучылiся да птушак, што заставалiся каля дуба.
- Тррак! - звярнуўся з другою прамоваю да птушак крумкач. - Будзем лячыць дуб. Перш за ўсё - павесiць пасцiлку, каб захаваць дуб ад паўночных вятроў. Дзе мы яе возьмем?
- Нарвем дзеразы i такую выштукуем заслону, што дуб аж ахне! - азвалiся сарокi.
