Яго схапiлi, заламалi рукi i некуды пацягнулi. Мiкола пабег услед, дагнаў спэцназаўскую гурму i ўдарыў нагой у сьпiну аднаму зь iх. Удар атрымаўся моцны й вайсковец, выпусьцiўшы сваю ахвяру, паляцеў на асфальт. Другi спэцназавец атрымаў удар кулаком i таксама выпусьцiў Iгара, хлопец iмклiва ўсхапiўся й пабег. Яго ня сталi перасьледаваць, бо ўся гурма накiнулася на Мiколу. Адзiн з удараў гумовай палкi прышоўся па твары i хлопец адчуў у роце салёны смак крывi. Ён скiраваў свой позiрк на таго вайскоўца, якi зрабiў ўдар i пасунуўся да яго. Калi заставаўся ўсяго якiсьцi крок, ён плюнуў крывёю яму наўпрост ў вочы. Спэцназавец пачаў размазваць зыркую чырвань па сваiм твары i зрабiўся падобным да вампiра. У гэты час Мiкола адчуў моцны ўдар ззаду i ў вачах усё згасла...

Расплюшчыў вочы Мiкола ў бальнiчным пакоi. Хлопец доўга ня мог зразумець, дзе ён i што зь iм здарылася. Пакой быў вялiкi - на дванаццаць ложкаў. Але ўсё адно не было чым дыхаць - у палаце стаяў бальнiчны сьпёкавы смурод. Усё цела пранiзвала ныючая боль, але асаблiва мулiлi галава й сьпiна. Адразу яму чамусьцi ўзгадаўся твар таго спэцназаўца, якому ён плюнуў у вочы. Гэта быў зусiм малады хлопец, магчыма маладзешы ад яго. Ён нечым нагадваў Сяргея Лявонава, зь якiм час ад часу выпадала езьдзiць у Нямеччыну па машыны. Затым ён узгадаў увесь учорашнi дзень. Нейкая фантасмагорыя, галiвудзкi "ужасьцiк". I раптам ён зноў падумаў пра таго спэцназаўца. "Яму канцы", - сказаў ён у голас. I яшчэ раз паўтарыў: "Яму канцы".

Было недзе пяць гадзiнаў ранiцы. Усе ў палаце спалi - пасапваючы i пахрапваючы. Мiкола ляжаў ля двярэй. Нечакана падхапiўся мужчына ля дальняга вакна - ён заенчыў i затым сутаргава захрыпеў. "Дапамажыце, хто тут ёсьць, дапамажыце!" - закрычаў Мiкола i загрукаў рукою ў дзьверы. Калi ў пакой прыбегла медсястра, мужчына ўжо суцiшыўся i немiргаючы глядзеў у столь пустымi вачыма. Медсястры засталося толькi канстатаваць сьмерць. Яна накрыла нябожчыка з галавой прасьцiною й выйшла. Палата ўспаролася. Хтосьцi бясконца прычытаў: "Васiлiч, Васiлiч!!!" Мiкола абхапiў галаву рукамi i ўткнуўся тварам у падушку. Вочы напоўнiлiся сьлязьмi i ўсё цела калацiлi здрадлiвыя дрыжыкi. Чужая сьмерць падалася яму жахлiвай. А як зьмiрыцца са сваёй?



4 из 5