Iгар сядзеў сьпiнай да станцыi мэтро "Цэнтральная", таму ня мог першым заўважыць яшчэ кволыя прыкметы бел-чырвона-белых хваляў. Ён павярнуўся i з трывогай паглядзеў назад. Ужо было чутна, што дэманстранты нешта скандыруюць.

- Напэўна, пара вызваляць праезджую частку, - пажартаваў Iгар i паставiў на стол недапiтую пляшку "фанты".

- А можа й мы пройдземся за кампанiю? - прапанаваў Мiкола. - Што скажаш, студэнт?

Iгар узьняў вочы на сябра i ўважлiва паглядзеў яму ў твар.

- Увогуле я люблю шпацыраваць на адзiноце дзе-небудзь па парку, але калi ў цябе ёсьць такое жаданьне, дык давай пройдземся.

Мiкола ўзяў у руку сваю пустую пляшку й гэтым незразумелым рухам напужаў Iгара. Аднак сябар зрабiў выгляд, што памылiўся - нiбыта хацеў дапiць яе зьмесьцiва, а пляшка насамрэч пустая.

- Дапi маю, я не хачу, - прапанаваў Iгар нейкiм сьцiшаным голасам. Мiкола дзiўна замахаў рукамi й разоў пяць паўтарыў: "Не". Затым даланёю абцёр рыльца сваёй пустой пляшкi i паставiў яе на стол...

Мiкола i не заўважыў, як пачалася бойка. Спэцназаўцы дубасiлi ўсiх налева i направа. Пранiзьлiва завiшчэлi жанчыны i дзяўчаты. Дэманстранты пачалi рассыпацца па вулiцы, але шляхi да адступленьня перарэзалi шэрагi ў камуфляжы. Мiкола колькi хвiлiнаў стаяў як укопаны i нiчога не разумеў. У вачах мiльгацелi людзi, стаяў нейкi жудасны гул, якi аб'ядноўваў крыкi ахвяраў i ахвярадаўцаў, удары аб плястыкавыя спэцназаўскiя шчыты, грукат сотнi чаравiкоў i нешта яшчэ незразумелае й агiднае. Iгар пацягнуў Мiколу за рукаво кашулi. Мiкола пачаў падпарадкоўвацца сябру i яны ўдвох пабеглi ў бок галоўпаштамта. Аднак хлопцы не пасьпелi зрабiць i дзесяцi крокаў, як i на iх навалiлiся плямiстыя дубаломы. Чамусьцi амаль уся група спэцназаўцаў, якая нагнала ўцекачоў, прынялася дубасiць меншага па росту i камплекцыi Iгара. Ён закрываўся ад гумовых палак рукамi i няўдала спрабаваў выкручвацца ад удараў i гарачых учэпiстых абдымкаў.



3 из 5