Уваскрасеньне ўчарашняга дня

Лірычна-дакументальны расповяд

Унуку Валянціну прысьвячаю...

У гэтым расповедзе, які прадстаўляю чытачам “Дзеяслова, у значным скароце, няма літаратурных герояў, прыдуманых ці дадуманых фактаў – тут толькі тое, што было ці адбывалася, што ведаў, бачыў на свае вочы, чуў на свае вушы, альбо ўведаў з дакументаў ці вартых даверу крыніцаў... А ўвогуле задумаешся іншы раз – і аж атарапеньне бярэ: за нейкіх-нейкіх пяцьдзесят аблётаў Зямлі вакол Сонца гэтак неўпрыкмет, незаўважна памянялася ўсё да непазнавальнасьці – і жывое, і нежывое, нават тое, што падавалася вечным і непарушным, непадуладным часу. Мусіць, толькі на схіле жыцьця дадзена так

яскрава, амаль фізічна адчуваць хуткаплыннасьць і няўмольны бег Часу, ягоную шчымліва-балючую незваротнасьць, выразна і абвострана спасьцігаць невясёлую ісьціну: як не кожнаму зярнятку наканавана

ўзрасьці коласам, так і ня кожнай справе рук тваіх даць плён. І прыходзіць разуменьне: усё зробленае табой добрае і благое працягвае жыць роўна столькі, наколькі зафіксавалася ў нечай памяці, колькі застаецца запатрабаваным людзьмі...

Лёс наканаваў майму пакаленьню рэдкую магчымасьць жыць на зломе эпох, пераступіць мяжу, лінію перамены ня толькі стагоддзяў, а і тысячагоддзяў, быць сьведкам і ўдзельнікам лёсавызначальных падзеяў, тэктанічных зрухаў у сьвядомасьці і сацыяльным быцьці грамадства. На пакручастых жыцьцёвых дарогах і сьцяжынках мне пашчасьціла знацца і сустракацца, супрацоўнічаць і апаніраваць, таварышаваць і сябраваць з цікавымі, унікальнымі людзьмі – і простымі, непрыкметнымі, нават дзівакаватымі, што, на першы погляд, апроч зарубачак у нечай памяці, нічога не пакінулі пасьля сябе, і асобамі, якія на дзесяцігоддзі, а мо нават і стагоддзі змусяць гаварыць пра сябе, застануцца ў аналах гісторыі, ход якой ува многім і прадвызначалі. Перад вамі – не мемуары ў звыклым разуменьні. Гэта – шчыры лірычны расповед, у нечым споведзь перад сабою і людзьмі з асэнсаваньнем бачанага, чутага,што некалі пройшло праз сэрца і розум, калі хочаце – спроба вярнуцца, віртуальна ўваскрасіць мінулае.



1 из 322