Словам, пражытае і перажытае. Пераважна тое, пра што ніхто, апроч мяне, не напіша і напісаць ня можа. Спадзяюся, маё суб’ектыўнае сьведчаньне дапаможа табе, шаноўны чытач, хоць на нейкую ёту дапоўніць бачаньне мінулай эпохі, адчуць подых майго часу з ягонымі страсьцямі, узьлётамі, памылкамі, забабонамі, і ты зробіш спробу хоць трошачкі зразумець і мяне, і блізкіх, дарагіх мне людзей, і нашых непрымірымых апанентаў, зласьліўцаў і ворагаў, якім, здаецца, я ўжо дараваў усе некалі прычыненыя крыўды. Са свайго боку шчыра выбачаюся, перад усімі, да каго калі-небудзь быў несправядлівы, каму прычыніў боль. Паверце, тое было альбо па непаразуменьні, альбо па глупству...

…Восеньню 1957-га году мяне праводзілі ў армію, хоць была магчымасьць і “адкасіць” ад яе: рэдактар браўся адгаварыць усё з ваенкамам, калі спатрэбіцца – падключыць райкам, але на мужыка, які не паслужыў у арміі, тады глядзелі ледзь ці не як на непаўнапэннага. У Ленінградзе на вакзале пачуў сенсацыйную вестку аб запуску першага спадарожніка Зямлі, а новы, дваццаты год жыцьця, сустрэў на штрафной мазунінскай заставе, служба і побыт на якой поўна і дакладна выпісаная ў аповесьці “Вяртаньне на Саарэмаа”. Гэта самая дакументальная і самая асабістая з усіх маіх аповесьцяў. Таму няма патрэбы нешта казаць, удакладняць з армейскага перыяду маёй біяграфіі – усё ёсьць у “Вяртаньні на Саарэмаа”... Дэмабілізаваўся праз два з паловай гады ў сувязі са значным скрачэньнем колькаснага складу арміі і маім рапартам з просьбай адпусьціць раней для здачы ўступных экзаменаў ва універсітэт. Словам, напярэдадні майскіх сьвятаў сыйшоў з цягніка ў Ражанцы, на нейкай спадарожнай дабраўся да Шчучына, і першае, што ўбачыў, дужа засмуціла: з плошчы зьнікла звыклая вежа з гадзіньнікам, а заместа



2 из 322