Касьцевіч і даводзіўся яму родным дзядзькам...

У наступны мой прыезд у Гародню гэтаксама не ўдалося добра пагаварыць з Міхасём Восіпавічам, хоць і пачуў ад яго вельмі для мяне важнае. Ён пасьпеў з алоўкам прачытаць мае вершы, зычліва паказваў, дзе добра, дзе трэба падумаць-пакруціць фразы, выразы, а ў цэлым пахваліў: пашліфуй яшчэ трохі з улікам заўвагаў і прысылай альбо прывозь пры нагодзе, будзем друкаваць. У мяне вырасталі крылы. А ён не адпускаў, зацікаўлена распытваў, хто, адкуль я родам, аднак у кабінет зайшлі, па ўсім відаць, добра знаёмыя яму людзі, да якіх ён меў нейкі неадкладны інтарэс, вінавата папрасіў: пазнаёмімся бліжэй, пагамонім ўволю наступным разам...

Наступны раз быў недзе праз тыдні два, калі я зноў прывёз вырабляць клішэ. Міхасю Восіпавічу спадабалася, як паправіў вершы, пахваліў і цьвёрда сказаў: будзем рыхтаваць да друку. Даведаўшыся, што я амаль ягоны земляк, пачаў прыгадваць: бываў ці не бываў ён у нашай вёсцы, калі некалі хадзіў арганізоўваць ячэйкі сялянска-работніцкай Грамады. А як уведаў, што я вучыўся ў Скідзелі, друкаваўся ў “Красном знамени”, дзе ён працаваў пасьля вайны, ягоныя вочы яшчэ больш пацяплелі. А праз тыдні два, сустрэўшы мяне пад вечар на вуліцы, ня толькі пазнаў, а шчыра, з лёгкім дакорам запытаў: чаму не заходзіш? Ды ніякавата, кажу, так сабе, без усялякай патрэбы турбаваць, адрываць ад важных спраў.

– Ды якія там важныя справы! – махнуў рукой Міхась Восіпавіч. – Заходзь заўсёды, як толькі будзеш у Гародні, не саромся, я заўжды рады бачыць землякоў... – І нечакана прапанаваў: – Калі не сьпяшаешся – пойдзем пагуляем разам, бач пагода якая! Заадно і пагаворым...

Ён быў у добрым гуморы, распытваў, сам нешта расказваў, але больш распытваў. На кожным кроку яго пазнавалі, здароўкаліся і на мяне паглядвалі з цікаўнасьцю, што вядома ж, усьцешвала маю душу.



10 из 322