
Неўпрыкмет выйшлі да Нёману, дзе на прывязі, зьлёгку пагойдвачыся на плыні, стаяў баркас, прыстасаваны пад піцейную ўстанову. Міхась Восіпавіч пацікавіўся, ці я ўжо бяру чарку, і пачуўшы, што бяру патрошку, прапанаваў наведаць “паплавок”. Узялі – я толькі губы памачыць за кампанію, а ён то і добра, і гаворка ажывілася. Мне хацелася як мага больш пачуць і пра ягоную творчасьць, і пра рэвалюцыйную дзейнасьць у КПЗБ, і пра змаганьне ў партызанах, антыфашыстоўскім камітэце, аднак Міхась Восіпавіч ня надта ахвотна, толькі агульнымі словамі гаварыў на гэтыя тэмы, мне падалося, з-за сваёй сьціпласьці. Куды ахвотней апавядаў розныя вясёлыя эпізоды і гісторыі, удзельнікам якіх быў сам ці чуў ад некага, альбо пераводзіў гаворку на звычайную застольную гамонку. А ўвогуле яшчэ больш умацоўвалася ўражаньне, што ён любіць больш слухаць, чым гаварыць, нават калі субяседнік, як я, амаль жоўтароты шпачок. Мо з гадзіну прасядзелі ў тым “паплаўку”, затым праводзіў яго да дому. Жыў Васілёк тады насупраць педінстытуту, не даходзячы да храма ў старэнькім дамку з невялічкім дворыкам і хлеўчукамі ля спуску да Гараднянкі. Міхась Восіпавіч запрасіў зайсьці ў хату, але гэта было ўжо занадта, і я адмовіўся, спаслаўшыся, што клішэ вось-вось будуць гатовыя і хачу патрапіць на аўтобус... Потым я ня раз бываў у Васільковай гасьціннай хаце, дзе за лёгкай чаркай слухаў ягоныя цікавыя расповеды і пра Вільню, і пра Казлоў, цяперашні Мічурынск, дзе быў з бацькамі ў бежанстве, і пра сустрэчы з Якубам Коласам, каму яшчэ ў дваццатыя гады прысьвячаў вершы, якія друкаваліся ў заходнебеларускіх выданьнях і нейкім чынам даходзілі да Канстанціна Міхайлавіча. А пасьля вайны пры сустрэчы і асабістым знаёмстве на нейкім пісьменьніцкім сходзе дзядзька Якуб нахмурыў бровы і строга сказаў пры людзях: во, гэта ён замінаў мне расьці! Вытрымаў нейкі час недаўменныя позіркі, засьмяяўся: я ж – колас, а ён – васілёк...
Потым Міхася Восіпавіча перасялілі ў больш прасторны падобны на абшаляваную вагонкай стадолу дом на вуліцы Карбышава, а ягоны, дзе пражыў больш за дзесяць гадоў, зьнесьлі і на тым месцы ўзьвялі гмах абласнога Дома палітасьветы. Не магу дараваць сабе, што ў свой час не даўмеўся дамагчыся адзначыць гэта мемарыяльнай дошкай. Шкада, што, як кажуць, добрая мысьля заўсёды прыходзіць апасьля...