
Неяк угаварыў Міхася Восіпавіча хоць адзін свой новы твор даць для нашай газеты, і неўзабаве па пошце ў рэдакцыю на маё імя прыслаў напісаны сваім акуратным прыгожым почыркам верш. Рэдактар тут жа распарадзіўся надрукаваць яго буйным шрыфтам на першай старонцы, хоць па тэматыцы верш быў ня надта, мо зусім ня першапалосным. А праз дзень я павёз вырабляць клішэ і ўручыў газету Васільку, падзякаваўшы і абсалютна шчыра расхвальваючы верш. Міхась Восіпавіч глянуў скрушліва, сьцяў жаўлакі, нібы стрымліваючы сьлязу, махнуў рукой, усьміхнуўся журботна-сумнай усьмешкай:
– Вершы, Валічак, я пісаў у дваццатых, трыццатых... Ды гэта і ты бачыш... – памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але перадумаў, характэрным жэстам адмахнуўшы рукой, і адразу ж пазмрачнеў, замыкаючыся ў сабе.
Я абагаўляў Міхася Восіпавіча, ніколі і ў галаву мне не прыходзіла параўноўваць старыя і цяперашнія ягоныя вершы, разумеючы, што пісаліся яны ў іншыя часы, у іншых абставінах, у рэшце рэшт у іншым узросьце, хоць, канечне ж, гэтая розьніца была навідавоку. Аднак быў вялікі сумнеў, што толькі гэта няўцешнай скрухай аглытвае ягоную душу. Заглянуць бы! Але туды ён не хацеў пускаць нікога, а калі і падпускаў, то толькі на пэўную адлегласьць, да нейкага нябачнага парожка. Разам з тым нават ад мяне, маладога, неспрактыкаванага, яму цяжка было хаваць нейкую таямніцу, што гнятлівым цяжарам ляжала на ягонай душы, ад чаго, мусіць, часам здаваўся нейкім трохі разгубленым, нават напалоханым.
