– Ды надта ж стары я, каб пачаць звацца маладым камуністам. Ну, і выпіваю – які ж з мяне камуніст...

Такі адказ, канечне, ня мог мяне задаволіць і я, не разумеючы, наколькі гэта нетактоўна, ня раз яшчэ прыставаў да яго з гэтым пытаньнем, і заўсёды ён далікатна ўхіляўся ад адказу, зводзячы ўсё на жарт. І па сёньняшні дзень Васількова беспартыйнасьць для мяне – неразгаданая таямніца. К таму часу распусчаная Сталіным КПЗБ як правакацына-шпіёнская была цалкам рэабілітаваная, ейным членам амаль аўтаматычна давалася членства КПСС, вяртаўся партстаж. Варта толькі было напісаць заяву ў парткамісію і спаслацца на сьведкаў. Васількова членства ў КПЗБ друкавана засьведчвалася ня толькі ягонымі паплечнікамі па рэвалюцыйнай дзейнасьці Максімам Танкам і Валянцінам Таўлаем, але і адным з арганізатараў і кіраўнікоў КПЗБ Мікалаем Арэхвам, які ў Інстытуце гісторыі партыі займаўся пытаньнямі рэабілітацыі. Чаму, здавалася, абсалютна лаяльны да савецкай улады Васілёк не схацеў пісаць заяву? Незразумела...

Для мяне ён быў крыштальна сумленны, да мяккасьці далікатны, тактоўны чалавек, сапраўдны інтэлігент і адначасова тыповы селянін – ня надта гаваркі, разважлівы, стрыманы, хто ніколі не выварочвае некаму напаказ сваю душу. Яго ніколі не карміла паэзія, ён сам сваім сялянскім мазалём карміў сваю паэзію. Я дзівіўся, не хацеў даваць веры, што за свае вершы пры санацыйным польскім рэжыме ён ня меў ні грошыка, выдаваўся за свой кошт, прадаючы на базары вырашчанае і намалочанае жыта, выгадаванага бычка ці цялушку. Паверыў, калі праз семдзесят-восемдзесят гадоў сам дажыў да таго ж самага пры рэжыме, які выдае сябе за народны і ня з меншым, а мо нават большым імпэтам і апантанасьцю вынішчае народную мову, літаратуру, культуру... Мо таму, што Міхась Васілёк надта ж добра ведаў цану хлебу, ягоная псіхалогія, звычкі на ўсё жыцьцё засталіся сялянскімі. Нават такая дэталька: машынальна, хутчэй за ўсё падсьвядома, на нейкім сакральным узроўні ён ніколі не дазваляў сабе змахнуць на падлогу хлебныя крошкі са стала, акуратна, самавіта зьмятаў іх у жменю і кідаў у рот.



14 из 322