яе на высокім п’едэстале ўстала нязграбная, асіметрычная фігура Леніна, зварганеная нейкімі халтуршчыкамі. Іншыя перамены ня кінуліся ў вочы, хіба толькі дрэвы ў парку падрасьлі трошкі.

Не відно было ніякіх зьменаў на цагляным, старой кладкі будынку рэдакцыі, хіба толькі карычневая шыльда трохі выцьвіла. Па знаёмаёй пакатай драўлянай лесьвіцы падняўся на другі паверх. Сустрэлі мяне радасна. Зусім непастарэлы, такі ж энергічны Іван Пятровіч Вераб’ёў адразу ж пазваніў у калгасную кантору, якая займала палову нашага дому, папрасіў перадаць бацьку і маці, каб нікуды не адлучаліся, бо праз гадзіну-другую завітае да іх у госьці. Прайшоўся па рэдакцыі. Тыя ж кабінеты, праўда, некаторыя аддзелы, у тым ліку і мой родны сельгасгаспадарчы, перамясьцілі, але ў асноўным знаёмыя блізкія людзі. Пазнаёміўся з новым адказным сакратаром – Мікалаем Валяр’янавічам Сасноўскім, сярэдняга веку, гаваркім мацаком невысокага росту. Але больш за ўсё зьдзівіла, што ў крэсьле загадчыка сельгасаддзелу сядзеў Васіль Мацюшаў. Да арміі ён кіраваў дабітым да ручкі калгасам “17 верасьня”, куды езьдзілі, калі тэрмінова, у нумар патрэбен быў нейкі крытычны матэрыял. Было дзіва дзіўнае, як ён апынуўся ў рэдакцыі ды яшчэ загадчыкам сельгасаддзелу і маім непасрэдным начальнікам, каго да арміі я больш чым хто чахвосьціў у хвост і грыву за безгаспадарчасьць. Іван Пятровіч патлумачыў і супакоіў: райкам упрасіў патрымаць, пакуль нешта падшукаюць, так што не зважай, ён усё роўна пісаць ня ўмее, пастаўляе факты... У тым я неўзабаве пераканаўся, калі ў першы ж рабочы дзень Вася (так яго ўсе звалі) паклаў на стол, папрасіў пачытаць і паправіць сваю малюсенькую нататку для падвёрсткі на першую паласу. Прабег вачамі: “Камуністычная партыя і савецкая ўлада штодзённа клапоцяцца аб павышэньні жыцьцёвага добрабыту савецкіх людзей. Пра гэта яшчэ раз сьведчыць, што рашэньнем гарсавету ў Шчучыне расшыраны гарадскія могілкі на 2,5 га” – і пакаціўся ад рогату. Аказалася, усе свае матэрыялы ён пачынае па гэтым трафарэце, інакш нічога не атрымліваецца. Вася быў абсалютна бяскрыўдны і памяркоўны, па натуры добры чалавек. З ім мы адпрацавалі месяцы два, тым ня менш ён пасьпеў учыніць мне “дыверсію”: пасьля двухгадовага перапынку неўпрыкмет прывучыў да папярос. Спачатку: ну, пацягні разок, нічога ня здарыцца... Пацягнуў раз, другі, трэці – і пайшло-паехала...



3 из 322