Белдзяржуніверсітэту, паколькі грунтоўна рыхтаваўся яшчэ ў арміі. Не пакідала і паэтычнае натхненьне, “пайшлі” і гумарыстычныя апавяданьні. Першае ж з іх пад назваю “Удалая пастаноўка” зьявілася ў “Вожыку”, а неўзабаве аказалася перадрукаваным у перакладзе ва ўкраінскай “Літаратурнай газеце”, пра што даведаўся з “ЛІМа”. Паслаў у рэдакцыю ліст з просьбай прыслаць той нумар газеты і неўзабаве атрымаў з Кіева пакет з газетай і пісьмом з падзякай за, як было сказана, сапраўды ўдалую пастаноўку. Гэта для мяне было ня толькі радасьцю, але і вялікім стымулам. Менавіта з гэтай вожыкаўскай публікацыі, здаецца, і пачалася мая большменш асэнсаваная літаратурная дзейнасьць як празаіка...

Праз тыдні тры паехаў у Гародню пабачыцца з Міхасём Восіпавічам Васільком, заадно, вядома ж, паказаць яму свае новыя вершы. Але на маё засмучэньне ён быў недзе ў ад’езьдзе, і вершы з просьбай перадаць Міхасю Восіпавічу пакінуў Ірыне Міхайлаўне Суворавай, якая сядзела з Васільком у адным кабінеце. Амаль усе пакінутыя вершы неўзабаве былі надрукаваныя асобнай падборкай, а з Міхасём Восіпавічам так мне і не ўдалося сустрэцца-пабачыцца. Закруцілі ўступныя экзамены, затым месячная ўстановачная сесія ў Менску. Не пасьпеў і вярнуцца, як ашаламляльная вестка: памёр Міхась Васілёк!.. Прынёс яе ўласны карэспандэнт “Гродзенскай праўды” па шчучынскім кусьце Яша Флякс, які толькі што вярнуўся з рэдакцыі. Міхась Восіпавіч не хварэў, па словах Яшы, адчуваў сябе малайцом, ніхто і падумаць ня мог...

Пасьля адыходу чатыры гады назад Якуба Коласа нічыя сьмерць не падавалася мне такой непапраўнай і горкай, не выклікала такога душэўнага ўзрушэньня, як гэтая, Васількова. Ён тут быў легендай, здаваўся бессьмяротным. Якуба Коласа, канечне ж, я ніколі нават ня бачыў, толькі зачытваўся ягонымі творамі, апошнія гады чакаў-дачакацца ня мог чарговых нумароў “Полымя”, дзе друкаваўся працяг “На ростанях”, страшэнна засмучаўся, калі па нейкіх прычынах нумар выходзіў бяз Коласавай публікацыі.



5 из 322