Але Колас, як і хрэстаматыйныя Максім Танк, Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, былі для мяне небажыхарамі, нават ня верылася, што яны жывуць як звычайныя людзі, і каб хто сказаў тады, што буду мець шчасьце бачыцца, размаўляць з Кандратам Крапівой і Петрусём Броўкам, з Аркадзем Куляшовым у Нясьвіжы нават сыграць у шахматы і, канечне ж, быць разьбітым ушчэнт, пасьля чаго ён згубіў да мяне як шахматыста ўсялякі інтарэс, а з Максімам Танкам і чарку браць – хоць забі не паверыў бы... Міхась Васілёк быў для мяне і небажыхаром, хоць ягонага партрэта, біяграфіі, вершаў не было ў школьных падручніках, і звычайным простым, сьціплым чалавекам, з якім можна гаварыць на самыя што ні ёсьць будзённыя тэмы, як і ўсе мужыкі, узяць чарку. Вершы Міхася Васілька я ведаў з самага раньняга дзяцінства. Іх чыталі напамяць бацька, маці, нават іншы раз трохі бабуся. І ў вайну, і пасьля вайны, калі зімовымі вечарамі ў нас зьбіраліся пагуляць у карты мужыкі. Бывала, забываюць пра гульню і па старой, яшчэ з польскіх часоў завядзёнцы зусім цьвярозыя пачыналі высьвятляць, хто больш ведае напамяць вершаў і хто лепш іх выконвае. Амаль заўсёды нехта дэкламаваў пра грошы. Як сёньня помню:

Век дваццаты, век харошы,

Абы грошы, толькі грошы...

Стогнуць скрозь сяляне нашы:

– Ах, каб грошы, ах, каб грошы!

Усе падаткі аплаціў бы,

Пану войту дагадзіў бы,

Ён не лаяўся б па “маме”,

Не крычаў бы: “Вон стонд, хаме!”

А падаў бы ручку й... проша...

«\Эх, каб грошы, толькі грошы!..

Закупіў бы рыбы, мяса,

Кіло кракаўскай каўбасы,

Хлеба белага з паўторбы

І, дальбог, адзін упёрбы!

Вось тады б я быў харошы,

Эх, каб грошы, толькі грошы!..

Бульба парана, пячона,

Бульба сёньня, бульба ўчора.

Мой трыбух, нібы калода!

А без бульбы няма ходу...



6 из 322