
Міхась Восіпавіч для мяне быў першы сапраўдны паэт, пісьменьнік, якога пабачыў зьблізку, павітаўся, пазнаёміўся. Адбылося гэта добра памятаю летам 1956 году, калі мяне, наймалодшага ў рэдакцыі, які заўсёды на падхваце, паслалі нарачным у абласную газету аператыўна вырабляць клішэ (пераведзеныя на цынкавыя пласьцінкі фотаздымкі), чаму па дамоўленасьці нашага рэдактара Івана Пятровіча Вераб’ёва меў паспрыяць ягоны калінкавіцкі земляк і сябра па партызанцы Андрэй Данілавіч Колас – адказны сакратар “Гродзенскай праўды”. Мне трэба было чакаць, пакуль іх вырабяць, займацца паўдня чым заўгодна, калі спатрэбіцца, то і пераначаваць на дыване ў Коласавым кабінеце, а раніцай вярнуцца на аўтобусе з гатовымі клішэ. Я даўно меў намер неяк навесьці творчы кантакт з “Літаратурнай старонкай” “Гродзенскай праўды”, мо нават пазнаёміцца з самім Міхасём Васільком, які быў літкансультантам у рэдакцыі і вырашаў, што друкаваць і што не друкаваць. І тут, канечне ж, рашыў скарыстаць нагоду – адстукаць адным пальцам на рэдакцыйнай машынцы вечарам з дзесятак вершаў. У дзявятым ці дзясятым класе я ўжо дасылаў ў “Гродзенскую праўду” свае вершы і атрымаў надрукаваны на машынцы ліст за подпісам Васілька з парадай вучыцца, больш працаваць над паэтычнай формай і словам... Больш і не турбаваў, друкаваўся ў
