
Век дваццаты, век не з горшых...
Абы грошы, толькі грошы.
Вершы запаміналіся адразу. Мо таму, што былі надта ж свае, мужыцкія, народныя, гарэзна-сьмешныя і ў той жа час сумна-невясёлыя. Як:
Эх, гарэліца мая,
Што ты вычаўпляеш,
Ты над намі, мужыкамі,
Літасьці ня маеш.
У Зыдора серадой
Талаку спраўлялі.
Напіліся, ой-ёй-ёй!
Моцна загулялі.
Янка лысы праз парог
Ракам перабраўся,
Праз яго-та, далібог,
Увесь садом падняўся.
Цімох кажа, што ён так
Дапаўзе да хаты,
А Яўхім пярэчыць: “Не,
Брэшаш, трыбухач, ты!”
Той за слова “трыбухач”
Бац Яўхіму ў зубы,
Паднялася “талака”,
Чуб схапіўся з чубам.
(…)
Я ўжо тады ведаў: гэтыя вершы склаў загадкава-таямнічы для мяне Міхась Васілёк.
Потым у час журналісцкіх і чыноўніцкіх паездак па былой Заходняй Беларусі ня раз чуў ад старых людзей, што нашая вёска не выключэньне – завядзёнка зьбірацца грамадой і чытаць напамяць вершы існавала амаль паўсюдна на Гарадзеншчыне, Берасьцейшчыне, заходніх рэгіёнах Меншчыны і Віцебшчыны, у былым Віленскім краі, аддадзеным Сталінам літоўцам. Пра колішнія сьпеўкі, вячоркі з Васільковымі вершамі і песьнямі я ня раз чуў настальгічныя згадкі ад жыхароў Эйшышак, Шалешнік, прылеглых вёсак, вёсачак і хутароў, калі працаваў у Радуні, Воранаве і калі яшчэ не было ніякіх межаў. Амаль паўсюдна старыя людзі расказвалі, што дзеля вершаў Міхася Васілька выпісвалі ўскладчыну “Маланку”, “Беларускую газету”, “Беларускія справы”, “Родныя гоні”, каб вывучыць напамяць, прачытаць альбо прасьпяваць на моладзёвых пагулянках, зарадзіцца іхнім нацыянальна-вызвольным духам. Без усялякага перабольшаньня – Міхась Васілёк пры Польшчы, дый пасьля быў самым вядомым, сапраўды народным паэтам у Заходняй Беларусі. І вельмі горка, крыўдна, што гэты арыгінальны паэт, многія творы якога гучаць, нібыта толькі што напісаныя, сёньня практычна забыты.
