
- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя ногi!
- Гэта каб лепей бегаць, мая ўнучанька!
- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя вушы!
- Гэта каб лепей чуць, мая ўнучанька!
- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя вочы!
- Гэта каб лепей бачыць, мая ўнучанька!
- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя зубы!
- Гэта каб цябе з'есцi!
I з гэтымi словамi злы Воўк кiнуўся на Чырвонага Каптурка i з'еў дзяўчынку.
Мараль
Нам гэта казка добра паказала,
Што можа быць, калi малыя дзеткi,
Галоўным чынам, панначкi-какеткi,
Гатовы слухаць ўсiх, каго папала.
Не дзiва, што ў такiм выпадку
Воўк iх з'ядае часта быццам курапатку
I ўсё ж заўважыць мушу асаблiва:
Не ўсе ваўкi да нашага падобны,
Такiя ёсць, што з выгляду лагодны,
I нораў маюць цiхi, незласлiвы,
Ды так паслужлiва i так добразычлiва
Плятуцца за дзяўчатамi па пятах,
Па цёмных вулачках праводзячы дахаты.
Але з усiх ваўкоў - такiя
Найгоршыя i самыя лiхiя!
СIНЯЯ БАРАДА
Жыў сабе аднаго разу вельмi багаты чалавек, i былi ў яго дзiвосныя палацы ў горадзе i ў вёсцы, i залаты i срэбны посуд, i мэбля ў карунках, i залачоныя карэты. Але была, на няшчасце, у гэтага чалавека сiняя барада. I такi яна давала яму брыдкi i страшны выгляд, што ўсе дзяўчаты i кабеты, як толькi ўбачаць яго, адразу ўцякалi. А ў адной знатнай панi, ягонай суседкi, былi дзве дачкi - красунi, якiх свет не бачыў. Вось i папрасiў ён гэтую паню аддаць адну дачку за яго замуж, а якую - даў самой выбiраць. Але нiводная дачка не згаджалася быць яму жонкай. Толькi перакiдвалi яго адна адной, ды нiяк не адважвалiся пайсцi замуж за чалавека, у якога была сiняя барада. А яшчэ iм вельмi было непрыемна, што ён ужо не раз быў жанаты, а што сталася з тымi жанчынамi - нiхто не ведаў.
Каб дзяўчаты маглi пазнаёмiцца з iм трошкi лепей, запрасiў iх Сiняя Барада, разам з мацi i трыма-чатырма сяброўкамi ды некалькiмi хлопцамi з суседзяў, у адзiн свой загарадны маёнтак, дзе гасцявалi яны цэлы тыдзень.
