
Месяцам пазней сказаў Сiняя Барада сваёй жонцы, што трэба яму па адной важнай справе без адкладу ехаць у вёску - тыдняў, прынамсi, на шэсць. I папрасiў яе не вельмi журыцца, а знайсцi якую забаву: няхай, сказаў, калi захоча, паклiча сябровак, можа, паедзе з iмi за горад, а галоўнае, дзе б нi была, няхай не забывае як след есцi ды пiцi.
- А гэта вось табе ключы, - дадаў ён. - Гэтыя да дзвюх галоўных камораў, гэтыя - да залатога i срэбнага посуду, што ставяць на стол толькi на святы, гэтыя - да куфраў з залатымi i срэбнымi манетамi, гэтыя - да скрыняў з каштоўным каменнем, а гэтым можна адчынiць усе пакоi ў палацы. I вось яшчэ маленькi ключык - да каморкi на нiжнiм паверсе, у самым канцы вялiкага калiдора. Можаш хадзiць паўсюль, усё адчыняць, але ў гэтую каморку ўваходзiць я строга забараняю. Забараняю так, што калi гэта здарыцца, ты павiнна любой бяды чакаць ад майго гневу.
Жонка паабяцала выконваць усё, як было загадана, а Сiняя Барада пацалаваў яе, сеў у карэту i пакацiў.
Суседкi i сяброўкi вырашылi не чакаць, пакуль маладая гаспадыня запросiць iх у госцi, а ўсе прыйшлi самi - так iм карцела паглядзець на багаццi, якiх у яе, па чутках, быў повен дом. Пры мужы яны баялiся да яе прыходзiць, бо iх вельмi палохала яго сiняя барада. А цяпер усе адразу кiнулiся аглядаць пакоi, каморы ды гардэробы, i чым далей, тым болей захаплялiся iх хараством i багаццем. Калi ж яны зайшлi ў кладоўкi, iх захапленню зусiм не стала нi краю нi берагу - чаго там толькi не было: i раскошныя дываны, i пышныя ложкi, i канапы, i шафы, i столiкi, i сталы, i люстры, у якiх можна бачыць сябе з галавы да пят, - адны ў каляровых шкляных рамах, другiя ў срэбных, трэцiя ў залачоных, i ўсе такiя дзiвосныя i такiя прыгожыя, што такiх у жыццi нiхто нiколi не бачыў.
