Нават ражны ў печы разам з нанiзанымi на iх курапаткамi ды фазанамi - i тыя заснулi, i агонь - таксама. Усё гэта адбылося ў адну хвiлiну, бо чараўнiцам не трэба шмат часу, каб зрабiць сваю справу.

Тады кароль з каралевай пацалавалi сваю дарагую дачушку, што спала нязбудным сном, i, пакiдаючы палац, загадалi, каб нiхто да яго блiзка не падыходзiў. Ды гэтага й не трэба было загадваць, бо ўжо праз чвэртку гадзiны парк вакол палаца зарос такiм густым хмызняком, калючымi цернямi, ды вялiкiмi i маленькiмi дрэвамi, што праз iх не змаглi б прадзерцiся нi звер, нi чалавек. Палац зусiм схаваўся за гэтым зараснiкам, i цяпер можна было ўбачыць адны яго вежы, дый тое здалёк. Нiхто не сумняваўся, што i тут чараўнiца паклапацiлася, каб прынцэса спала спакойна i каб яе не турбавалi нiякiя цiкуны.

Праз сто гадоў давялося паляваць у тых краях сыну караля, што кiраваў тады каралеўствам (а паходзiў ён ужо не з таго роду, з якога была прынцэса). I вось, калi прынц убачыў па-над лясною гушчэчай нейкiя незнаёмыя вежы, ён пачаў пытацца ў людзей: што гэта такое? Кожны адказваў па-рознаму: адны казалi, што гэта замак, у якiм жывуць зданi, другiя - што сюды на шабас з усяго наваколля збiраюцца ведзьмары i вядзьмаркi. Але большасць былi ўпэўненыя, што ў замку жыве людаед, якi хапае маленькiх дзетак i зацягвае iх у сваё логвiшча, каб спакойна есцi, не баючыся пагонi, бо нiхто, апроч яго, не можа пралезцi скрозь такую непралазную нетру.

Прынц не ведаў, каму даваць веры, i тут да яго падышоў адзiн стары селянiн i сказаў:

- Мой гаспадару, гадоў таму пяцьдзесят, а мо й болей, чуў я ад свайго бацькi, што ў гэтым палацы ляжыць найпрыгажэйшая ва ўсiм свеце прынцэса i што яна павiнна праспаць сто гадоў. А потым яе, нiбыта, разбудзiць малады каралевiч, якому яна i будзе суджаная.



4 из 47