
Пры гэтых словах прынца як агнём апалiла. Ён зразумеў, што пакласцi крэс гэтым чарам, без сумнення, выпадае яму. I, прагнучы кахання i славы, ён пастанавiў, што зараз жа пойдзе i ўбачыць прынцэсу. Ледзь толькi ён рушыў да зараснiка, як усе дрэвы, i хмызняк, i калючае церне самi сабой расступiлiся i далi яму дарогу. Ён пабег да замка, якi вiднеўся ў канцы гэтага вялiкага праходу, i яго толькi трошкi здзiвiла, што нiхто з яго свiты не здолеў пайсцi за iм, бо як толькi ён ступаў крок наперад, дрэвы за спiнаю ў яго зноў спляталiся шчыльнай сцяной. Але ж таму, хто малады i закаханы, нiчога не страшна, i прынц смела iшоў наперад.
Неўзабаве ён апынуўся на вялiкiм двары перад палацам. Тое, што адкрылася тут ягоным вачам, магло б кожнага ўвагнаць у жах: тут стаяла страшная цiшыня, паўсюль паўставалi выявы смерцi, вакол ляжалi нерухомыя целы людзей i жывёл... Але зiрнуўшы на прышчавыя насы i чырвоныя твары брамнiкаў, прынц адразу здагадаўся, што яны зусiм не памерлi, а ўсяго толькi спяць, i што, калi iх адолеў сон, яны проста мiрна пiлi вiно, бо i цяпер яшчэ ў руках у iх былi недапiтыя кубкi.
Прынц прайшоў праз другi двор, брукаваны мармурам, падняўся па лесвiцы i ўвайшоў у вартаўнiчую залу. Там са стрэльбамi на плячах роўнымi шэрагамi стаяла варта i храпла сабе на ўсю моц. Прынц рушыў далей, адну за адной праходзячы залы, у якiх - хто стоячы, хто седзячы - спалi прыдворныя кавалеры i дамы. Нарэшце ён увайшоў у залачоны пакой, i тут яго вачам адкрылася такое хараство, якога яму яшчэ нiколi не даводзiлася бачыць. На ложку з рассунутымi фiранкамi ляжала прынцэса. З выгляду ёй было гадоў пятнаццаць-шаснаццаць, i ўся яна нiбыта свяцiлася дзiвосным, незямным бляскам.
Замiраючы ад зачаравання, прынц падышоў да ложка i ўкленчыў перад прынцэсай. У тое ж iмгненне чарам настаў канец, прынцэса прачнулася i так пяшчотна зiрнула на прынца, што на чалавека, якога бачыш упершыню, так паглядзець, бадай, i немагчыма.
- Гэта вы, мой прынц? - сказала яна. - Як жа доўга я вас чакала!
