Дзяўчынцы тады ўжо споўнiлася чатыры гады. Калi яна ўбачыла кухара, яна подскакам кiнулася яму насустрач, весела абняла за шыю i папрасiла цукерку. Кухар заплакаў, i нож сам выпаў у яго з рук. Тады ён пайшоў у загарадзь, зарэзаў маленькае ягня i прыгатаваў яго з такой выдатнаю полiўкай, што старая каралева потым бажылася, што нiчога смачнейшага ў сваiм жыццi не ела. А Заранку тым часам кухар завёў да сваёй жонкi i сказаў, каб яна схавала дзяўчынку ў сама дальняй каморцы.

Праз тыдзень злая каралева зноў паклiкала кухара i загадала яму:

- Хачу, каб на вячэру мне быў прыгатаваны малы Дзень!

Кухар не стаў ёй пярэчыць, а вырашыў ашукаць, як i першы раз. Пайшоў ён да маленькага Дня i бачыць: той са сваёй дзiцячаю шабелькай ваюе вялiзную малпу, а было ж яму тады ўсяго тры гады! Кухар занёс хлопчыка да сваёй жонкi i схаваў разам з Заранкаю. А сам замест Дня прыгатаваў на вячэру старой каралеве казляня, якое людаедцы вельмi ўсмакавала.

Дагэтуль усё iшло добра, але аднаго вечара злая каралева раптам сказала кухару:

- А цяпер прыгатуй мне саму маладую нявестку, ды з такой самай полiўкай, што i ейных дзяцей!

Тут ужо кухар страцiў усякую надзею, што яму зноў удасца ашукаць людаедку. Маладой каралеве было ўжо тады за дваццаць, калi не лiчыць тых ста гадоў, што яна праспала. Цела ў яе было яшчэ прыгожае i белае, але ўжо не такоё мякенькае: дзе ж знойдзеш у гаспадарцы жывёлу з такiм грубым мясам? Рабiць нiчога не заставалася, i каб уратаваць сваю шыю, кухар вырашыў каралеву такi зарэзаць i пайшоў да яе ў пакой, каб адным мехам з усiм пакончыць. Па дарозе ён знарок распаляў у сабе злосць i ў такiм настроi, з нажом у руцэ адчынiў дзверы ў спальню да маладой дзяўчыны. I ўсё ж кухару не хацелася забiваць каралеву знянацку, i спачатку ён сумленна ёй расказаў, якi загад дала яму старая людаедка.



8 из 47