
Часта, каб выцягнуць у сына прызнанне, каралева казала яму, што юнаку, маўляў, дазваляецца часам пашукаць у жыццi ўцех. Але прынц нiяк не адважваўся раскрыць ёй свайго сакрэту. Ён любiў сваю мацi, але яшчэ болей - баяўся яе, бо яна паходзiла з людаедскага роду. I кароль, калi i ажанiўся з ёю, дык толькi дзеля яе незлiчонага багацця. Сярод дворнi нават хадзiлi чуткi, што ў яе i цяпер засталiся людаедскiя звычкi i, калi яна бачыць маленькiх дзяцей, дык ледзь стрымлiваецца, каб на iх не накiнуцца. Таму прынц i не хацеў ёй нiчога расказваць.
Але калi кароль памёр, а гэта здарылася праз два гады, i прынц заняў яго месца на троне, ён абвясцiў усiм пра свой шлюб i ўрачыста выправiўся ў лясны замак па сваю жонку. У сталiцы маладой каралеве наладзiлi вельмi пышную сустрэчу. А прыехала яна адразу з дзецьмi.
Колькi часу пазней паехаў малады кароль на вайну са сваiм суседам, царом Канталабутам. Каралеўства ён даручыў старой каралеве i вельмi яе прасiў даглядаць яго жонку i дзетак, бо на вайне меўся прабыць усё лета.
Ды толькi ён ад'ехаў, як старая каралева выслала нявестку з дзецьмi ў далёкi маёнтак, што стаяў сярод дрымучага лесу. Яна разлiчвала, што там ёй будзе лягчэй здзейснiць свой пачварны намер. Праз некалькi дзён яна i сама прыехала ў той маёнтак i аднойчы ўвечары загадала кухару:
- Заўтра на абед прыгатуеш мне малую Заранку!
- О, панi.., - сумеўся кухар.
- Я так хачу, - сказала каралева тонам людаедкi, якой карцiць паесцi свежае чалавечыны. - I загадваю, каб ты падаў мне яе з добраю полiўкай!
Небарака-кухар адразу ўцямiў, што жартаваць з людаедкай не варта. Ён узяў вялiкi кухонны нож i пайшоў у пакой, дзе жыла Заранка.
