
Вось так мы ўгаворваем яго. I так ён пярэчыць, увесь час усьмiхаючыся, шчасьлiва i па-дзявоцку. Мы, гэта значыць, ягоныя сябры, мы - людзi, што зь якiхсьцi прычын шкадуюць яго. Некаторыя з нас спакваля пачынаюць нават ненавiдзець яго. Яны папросту сытыя па горла тым, што хтосьцi хоча, каб яго ўвесь час хвалiлi за нешта, што ўсё-такi ёсьць i застанецца злачынствам, хай нават - магчыма - бяскрыўдным. Але бяскрыўднасьць гэтага злачынства гэтаксама маладоказная, як i яго цяжкасьць. Галава заточыцца, калi паспрабуеш разабрацца ў гэтым злачынстве. Пра яго ўжо пiшацца не адна кандыдацкая дысэртацыя.
Наш сябра падазрае, што мы ўсе яго ненавiдзiм, што мы ўсе хлусiм, што нашая хвала - толькi хлусьня. Мы, натуральна, пярэчым. Ён жа сьцьвярджае, што насамрэч мы ўсе на баку iнспэктара. I што аднойчы мы ўсе адкрыта перакiнемся да iнспэктара i забясьпечым яму тую рэшту доказаў, якой яшчэ не стае да поўнага выкрыцьця. Iнспэктар, такiм чынам. Вялiкi працiўнiк нашага сябры. Ён увесь час гаворыць пра гэтага iнспэктара.
Вельмi мала хто з нас ведае iнспэктара асабiста. Нам застаецца, такiм чынам, толькi тое, што нам распавядае пра iнспэктара наш сябра. Але кожны раз, калi ён згадвае iнспэктара, ён кажа: я нiчога не магу сказаць пра iнспэктара, мы працiўнiкi, гэта змаганьне не на жыцьцё, а на сьмерць. Я не хацеў змаганьня, iнспэктар распачаў змаганьне. Усё-такi я зьдзейсьнiў злачынства, гэта слушна. Няхай i бяскрыўднае злачынства, але злачынства. Зрэшты, хiба злачынства можа быць бяскрыўдным?
